Лукашэнка: "Доўг. Гонар. Айчына" — рэальны арыентыр для кожнага з нас
22 кастрычніка ў Палацы незалежнасці Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароды афіцэрам Службы бяспекі прэзідэнта. Ён нагадаў пра гісторыю падраздзялення, якому споўніцца 25 гадоў, і пра свой удзел у гэтым. Цяпер СБП мае самую сучасную зброю, а яе супрацоўнікі здольныя вырашаць складаныя задачы ў любой кропцы Беларусі, гаварыў Лукашэнка.
"Забеспячэнне бяспекі, абарона нацыянальных інтарэсаў краіны і народа — гэта ваша штодзённая праца, — цытуе словы беларускага кіраўніка яго прэс-служба. — Вы штогадзіну і штохвіліну знаходзіцеся ў баявым страі і поўнай баявой гатоўнасці".
Лукашэнка нагадаў, што расце напружанасць каля межаў Беларусі. І СБП павінна "зрабіць усё, каб нават не даць прычыны дэструктыўным сілам разбурыць мір, створаны на гэтай зямлі".
"У выпадку, не дай Бог, агрэсіі супраць нашай дзяржавы, усе мы — воіны элітнага падраздзялення, і наша задача — быць наперадзе ўсіх падраздзяленняў, каб абараніць краіну, Айчыну і грамадзян, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — ...Перакананы, словы, змешчаныя па адваротным баку сцягу Службы бяспекі: "Доўг. Гонар. Айчына" — не проста дэвіз, а рэальны арыентыр для кожнага з нас".
На развітанне Лукашэнка нагадаў афіцэрам СБП, што ў іх павінны быць заўсёды "чыстыя рукі, светлыя, чыстыя твар і вочы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.