Лукашэнка едзе ў Малдову з афіцыйным візітам

Лукашэнка едзе ў Малдову з афіцыйным візітам

Аляксандр Лукашэнка 18-19 красавіка будзе знаходзіцца з афіцыйным візітам у Малдове, паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны. Там ён сустрэнецца з малдаўскім прэзідэнтам Ігарам Дадонам і прэм’ер-міністрам Паўлам Філіпам. Галоўнай тэмай перамоваў стане развіццё беларуска-малдаўскага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах, у тым ліку на пляцоўках Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці незалежных дзяржаў.

Лукашэнка і Додон наведаюць інстытут раслінаводства "Парумбень", дзе возьмуць удзел у цырымоніі “Дзень поля”, прысвечанай пачатку пасяўной кампаніі. Падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Філіпам кіраўнік Беларусі абмяркуе пашырэнне эканамічных сувязяў у розных галінах, у тым ліку сельскай гаспадаркі, харчовай прамысловасці, вытворчай кааперацыі. Асобную ўвагу звернуць на дзейнасць ужо існуючых і стварэнне новых сумесных прадпрыемстваў, развіццё супрацоўніцтва ў энергетыцы, гуманітарнай сферы і праваахоўнай дзейнасці.

Па выніках сустрэчы чакаецца падпісанне шэрагу міжнародных дакументаў. У гэтыя ж дні ў Кішынёве пройдзе беларуска-малдаўскі форум дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. У ім возьмуць удзел не толькі прадстаўнікі бізнес-колаў, але і кіраўніцтва гарадоў і раёнаў дзвюх краін. Для дэлегатаў будзе арганізавана выстава камунальнай тэхнікі і іншай беларускай прадукцыі.

Паводле звестак Белстата, беларускі экспарт у Малдову ў мінулым годзе вырас на 13,3% — да 133,4 млн долараў, імпарт скараціўся на 0,8% — да 83,9 млн долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі