Лукашэнка — міністру фінансаў: мы змагаемся на розных эканамічных франтах
17 лютага Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з міністрам фінансаў Максімам Ермаловічам сітуацыю з бюджэтам Беларусі. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што хоча мець пра яе агульнае ўяўленне.
"А то мы тут змагаемся на розных эканамічных франтах, — цытуе словы Лукашэнкі sb.by. — Але вынік гэтых змаганняў заўсёды бачны фінансава ў бюджэце".
Ермаловіч паведаміў, што ў 2019 годзе выкананне бюджэту па ўсіх паказчыках "склалася вышэй, чым планавалася". Паводле яго слоў, быў сфармаваны "дадатковы прафіцыт бюджэту, у цэлым прафіцыт кансалідаванага бюджэту склаў 3,1 млрд. рублёў".
"Мы працягнулі за два гады назапашваць рублёвыя рэшткі сродкаў бюджэту, каб сфармаваць так званую фінансавую падушку бяспекі для ўстойлівага выканання бюджэту ў будучыні", — паведаміў Лукашэнку міністр. Ён дадаў, што на рахунках Мінфіна "істотна павялічыліся валютныя рэшткі", і гэта дазваляе дзяржаве мець трывала запас па валютных абавязацельствах.
Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнку цікавіла сітуацыя з "перафарматаваннем ў страхавой сферы" і з заробкамі бюджэтнікаў. "Ці выконваем мы дадзеныя абавязацельствы, асабліва па той рэформе заробку, пра якую мы гаварылі? — гаварыў беларускі кіраўнік. — СМІ пішуць рознае..."
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.