Лукашэнка — на нарадзе па АПК: "9 траўня — кантрольная кропка"
29 красавіка Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па сітуацыі ў агра-прамысловым комплексе. Ён згадаў пазітыў і негатыў. Напрыклад, Лукашэнку насцярожвае інфармацыя ад кантралёраў пра сапраўдны стан рэчаў у жывёлагадоўлі. Гаворачы пра гібель жывёлы, ён нагадаў прысутнаму генпракурору Андрэю Шведу пра адказнасць пракуратуры. Старшыня КДК Васіль Герасімаў атрымаў даручэнне "ўзяць сітуацыю пад кантроль".
Эканамічны стан вёскі быў ацэнены, як "не самы просты". "За грашыма нават не звяртайцеся, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — Грошы ў вас". Ён лічыць, што "ў дысцыпліне і арганізацыі ўся праблема". Лукашэнка запатрабаваў навесці "поўны парадак" у сельскай мясцовасці. Нядаўна ён ляцеў на верталёце на Гомельшчыну і не ўсё пабачанае яму спадабалася. Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў актывізаваць меліярацыю. "Мы губляем велізарныя плошчы, тысячы гектараў, — гаварыў ён. — Яны пачалі зарастаць хмызняком". Таксама адзначыў, што "лесу ў нас хапае, дай бог яго перапрацаваць".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэба прыспешыць веснавыя палявыя працы. "9 траўня — кантрольная кропка, — казаў ён. — 10 траўня я знайду час для таго, каб агледзець краіну (пэўныя кропкі ў мяне выпрацаваліся за гэтыя гады) і зрабіць выснову, на што здольныя губернатары і падначаленыя вам людзі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.