Лукашэнка не бачыць падставаў для росту коштаў у Беларусі
У Беларусі няма ніякіх падставаў для росту коштаў. Пра гэта заявіў журналістам Аляксандр Лукашэнка падчас рэспубліканскага суботніка, на які ён прыехаў у Шклоўскі раён. Кіраўнік краіны адзначыў, што паслугі ЖКГ мусяць даражэць толькі на 5 долараў штогод.
“Мы перажывалі 5 долараў, нават у зімовы час. Няма неабходнасці павышаць. І яна не будзе расці, бо там дзяржава сама рэгулюе кошты”, — сказаў Лукашэнка.
Таксама ён мяркуе, што няма падставаў для росту коштаў на прадукты харчавання: пераважная большасць харчоў — беларускай вытворчасці, а імпартны складнік невялікі. Лукашэнка перакананы, што сярод пастаўшчыкоў імпартнай прадукцыі “пайшла канкурэнцыя” і “яны не падымуць, бо вылецяць з рынка”. Апроч таго кіраўнік дзяржавы адзначае, што Беларусь фактычна апынулася ва ўмовах фармату Сусветнай гандлёвай арганізацыі, бо ўваходзіць у ЕАЭС разам з краінамі, якія з’яўляюцца чальцамі СГА.
“Як толькі мы па нейкіх групах тавараў падымем кошты, адразу ж лінуць тавары з іншых краінаў. Таму вытворца і прадавец, які гандлюе таварамі, глядзець па баках”, — сказаў Лукашэнка.
Кошты могуць вырасці адно пры “нейкіх форс-мажорных абставінах, прадыктаваных з вонку”, мяркуе кіраўнік Беларусі. Такімі форс-мажорамі ён называе рэзкае падзенне на рынках асноўных краін-партнёраў або абвастрэнне сітуацыі на сусветных рынках у выніку ваенных дзеянняў, перадае БЕЛТА.