Лукашэнка: Расійскай авіябазы ў Беларусі не будзе
Гаворкі аб размяшчэнні расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не было. Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання новага ўчастка другой Мінскай кальцавой аўтадарогі.
“Я назіраю апошнім часам лямант нашай апазіцыі з нагоды размяшчэння расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Я нічога пра гэта не ведаю. Чалавек, які павінен прымаць гэтае рашэнне, — я пра гэта нічога не ведаю”, — сказаў Лукашэнка.
“Нам не трэба база сёння. Пагатоў ваенна-паветраныя сілы. Нам патрэбныя пэўныя ўзбраенні. Пра што я публічна казаў Пуціну і раней Мядзведзеву”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Таксама кіраўнік Беларусі заявіў, што ёсць “абсалютна сакрэтны план” на выпадак узброенага канфлікту, але стаўка там робіцца на беларускае войска.
“Нам патрэбныя самалёты, а не базы. У нас выдатныя лётчыкі, у нас добрая школа лётчыкаў ваенных, цывільных. А навошта мне ствараць базу? Навошта мне сёння завозіць сюды самалёты і лётчыкаў іншых дзяржаў? А свае што будуць рабіць?” — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што яго “у нейкай ступені крыўдзіць” такі крок расійскіх уладаў, якія ўкідваюць падобную інфармацыю ў медыі, перадае БЕЛТА.
Фота: БЕЛТА