Дэпутат: Ухваліць пагадненне аб расійскай авіябазе можна за месяц

Дэпутат: Ухваліць пагадненне аб расійскай авіябазе можна за месяц

Размовы пра размяшчэнне ў Беларусі расійскай авіябазы вядуцца некалькі гадоў. І раптам 2 верасня ўрад Расіі вырашае накіраваць праект пагаднення па авіябазе на подпіс Уладзіміру Пуціну. 18 верасня той праект зацвердзіў. 25 верасня ў расійскай “Независимой газете” з’яўляецца інфармацыя са спасылкай на крыніцы ў Мінабароны Расіі, што пагадненне будзе падпісанае праз некалькі тыдняў на сумеснай калегіі Мінабароны Беларусі і Расіі і база ў Беларусі з’явіцца на пачатку 2016 года.

Міністэрства абароны Беларусі заняло пазіцыю каменнай сцяны: кіраўнік прэс-службы Уладзімір Макараў на ўсе пытанні дае адзін адказ: “Без аніякіх каментарыяў!” Вось і 29 верасня ён адказваў мне гэтай фразай на пытанні “Калі прадстаўнікі Мінабароны і МЗС Расіі і Беларусі пачнуць працу па ўзгадненні тэкстаў дамовы па размяшчэнні авіябазы ў нашай краіне?”, “Хто канкрэтна з нашага боку будзе ў той сумеснай камісіі?”, “Якія далейшыя працэдуры чакаюць дакумент пасля ўзгаднення яго тэксту?” Нават на пытанне “Чаму такая сакрэтнасць?” Макараў адказвае “Без каментарыяў”.

Затое нечакана вырашылі не маўчаць беларусы. У сацсетках з’яўляецца спецыяльны хэштэг #‎noRussianBaseinBelarus, людзі падпісваюцца пад электроннай петыцыяй супраць размяшчэння ў нашай краіне авіябазы, форумы гудуць ад абмеркавання гэтай тэмы, апазіцыя ладзіць 4 верасня пікет з гэтай нагоды. І ўсё гэта адбываецца адначасова з кампаніяй па выбарах прэзідэнта.

 

Як законна размясціць расійскую авіябазу ў Беларусі — працэдурная казуістыка

 

Для таго каб расійская авіябаза з’явілася ў Бабруйску, неабходна прайсці ўвесь працэдурны ланцужок цалкам. А ён, па словах ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, не кароткі. Спачатку пагадненне мусяць падпісаць альбо міністры замежных спраў ці Мінабароны нашых краін, альбо самі кіраўнікі краін. І накіраваць яго далей на ўзгадненне.

“Паводле працэдуры парламенты павінныя ўхваліць: мусіць прайсці вывучэнне ў камісіях і ў нас, і ў іх; слуханні ў першым і другім чытанні ў ніжняй палаце парламента; затым — у верхніх палатах. І пасля таго як працэдура будзе пройдзеная — канчатковыя подпісы кіраўнікоў краін. Абмяняюцца яны экземплярамі, і толькі пасля гэтага лічыцца, што пагадненне набыло моц”.

Яшчэ адно: каб база была прызнаная міжнароднай супольнасцю, неабходна цалкам ухвалены дакумент здаць у міжнародны дэпазітарый у Жэневе.

 

Як прайсці працэдуру і паспець з размяшчэннем авіябазы да канца студзеня 2016 года?

 

У Авальную залу на працу дэпутаты збяруцца 2 кастрычніка. У планах заканадаўчай дзейнасці на кастрычнік разгляд пагаднення па авіябазе не пазначаны. Гэта, канечне, заўжды можна дапісаць дадатковым пунктам, але ці паспеюць яны вывучыць і ўхваліць пагадненне, каб полк расійскіх самалётаў паспеў законна прыляцець на аэрадром у Бабруйску?

“Так, тэарэтычна гэта магчыма, — упэўнена кажа дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Барадзеня. — Бо працэдурна, я думаю, для ўсіх гэтых ратыфікацый, абмеркаванняў, падпісанняў месяц — больш чым дастаткова. У гэтым моц нашай улады — што рашэнні могуць прымацца вельмі аператыўна. І ўзгадненні праходзяць таксама хутка. Калі трэба, нарады непасрэдна ў Адміністрацыі прэзідэнта, у Саўміне — вельмі хутка ўсё ўзгадняецца. Шчыльная супраца заканадаўчай і выканаўчай улады дазволіць у самыя сціслыя тэрміны прыняць неабходныя паперы”.

                                                  Валерый Барадзеня

Такім чынам, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пры неабходнасці ўкладаюцца з ухваленнем Пагаднення за месяц, столькі ж даём сенатарам Савета Рэспублікі, і яшчэ больш за месяц застаецца на падпісанне кіраўнікамі краін дакумента. А як жа аповеды дэпутатаў пра тое, што яны месяцамі працуюць на законапраектамі, прыцягваючы да іх абмеркавання экспертаў і грамадскасць?

“Я думаю, што нашы генералы, у прыватнасці Валерый Гайдукевіч і іншыя сябры камісіі па нацыянальнай бяспецы, безумоўна, абмяркоўваюць гэтыя праблемы. Мала таго, гэта ж спантанна не робіцца. Гэта, хутчэй за ўсё, выспявала шмат гадоў, і асноўныя моманты зразумелыя — як яно будзе. Бо ў нас жа ёсць ужо і прэцэдэнты — у нас радыёлакацыйная расійская станцыя ёсць”.

Праўда, старшыня парламенцкай камісіі па нацыянальнай бяспецы Валерый Гайдукевіч выказваецца больш стрымана наконт імавернасці праходжання ўсіх працэдур да канца гэтага года.

“Усё залежыць ад таго, калі дакументы паступяць ў парламент. Тады і будуць іх разглядаць. Але ў нас ужо заканчваецца верасень, а дакументаў яшчэ ніякіх не паступала. І ў плане працы сесіі гэтыя дакументы не значацца”.

 

Чаму маўчыць Мінабароны і пры чым выбары да расійскай авіябазы?

 

Тое, што ў Пуціна ёсць прынцыповая згода Лукашэнкі на размяшчэнне расійскай авіябазы ў Бабруйску, сумневаў у ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна не выклікае. Але далей справа не ідзе, бо пачынаецца “субардынацыя”.

Алесін: “Працэдуру без Аляксандра Лукашэнкі ніхто не запусціць, а ён едзе спачатку ў Нью-Ёрк, потым у Эквадор...”

Праўда, 29 верасня кіраўнік у краіну вяртаецца, але ці дасць ён адмашку на запуск працэдуры па пагадненні?

“Менш за ўсё Лукашэнку патрэбная раздражняльная інфармацыя пра базу напярэдадні выбараў — гэта аб’ядноўвае апазіцыю і дае ёй агульную тэму. Безумоўна, такія ўскладненні яму не патрэбныя, і таму Мінабароны маўчыць, МЗС маўчыць — усе будуць маўчаць, пакуль не скажа кіраўнік краіны. А ён, відаць, лічыць, што гэтае пытанне сёння не самае важнае”.

                                                Аляксандр Алесін

Чаму маўчыць Мінабароны, дэпутат Валерый Барадзеня казаць не бярэцца, але ўпэўнены, што ні выбары, ні пагроза страціць імідж міралюбівай дзяржавы-міратворца на перамовы па авіябазе не ўплываюць.

Барадзеня: “Кан’юнктурна, можа быць, і варта было б пазней гэтую тэму актуалізаваць, з пункту гледжання нейкіх электаральных пераваг, але бачыце — такога заігрывання з людзьмі няма, палітыка была вызначаная. У тым ліку няма і заігрывання з Захадам: мы дзейнічаем адкрыта і шчыра”.

 

Ці чакаць расійскія самалёты ў студзені 2016 года?

 

Нават калі працэдура з ухваленнем па базе і будзе вытрыманая, база ў азначаны тэрмін наўрад ці з’явіцца, лічыць Алесін. Бо невядома, у якім стане аэрадром у Бабруйску, як далёка зайшла яго “мадэрнізацыя”. А яшчэ ж ёсць пытанні бытавыя — размяшчэння расійскіх лётчыкаў і тэхнікаў….

Што да асабістага стаўлення дэпутатаў да расійскай базы на беларускай зямлі, то Валерый Барадзеня заявіў, што лічыць больш небяспечнымі базы NATO ля беларускіх межаў. І не давярае ім, а вось расійскім вайскоўцам давярае цалкам. 

Дэпутат: Ухваліць пагадненне аб расійскай авіябазе можна за месяц

Я думаю, для ўсіх гэтых ратыфікацый, абмеркаванняў, падпісанняў месяц — больш чым дастаткова. У гэтым моц нашай улады — што рашэнні могуць прымацца вельмі аператыўна. І ўзгадненні праходзяць таксама хутка. Калі трэба, нарады непасрэдна ў Адміністрацыі прэзідэнта, у Саўміне — вельмі хутка ўсё ўзгадняецца.

Валерый Барадзеня

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі