Расійская авіябаза ў Беларусі пачне дзейнічаць са студзеня 2016 года
Прадстаўнікі Мінабароны і МЗС Расіі разам з калегамі з Беларусі пачалі падрыхтоўку тэксту пагаднення аб расійскай авіяцыйнай базе ў нашай краіне. Як адзначае расійская "Независимая газета", падпісанне дакумента хутчэй за ўсё адбудзецца на чарговай сумеснай калегіі абаронных ведамстваў дзвюх краін у бліжэйшыя тыдні.
Авіябаза ў Бабруйску пачне функцыянаваць ужо са студзеня 2016 года. Расія называе сваю авіябазу адказам на магчымае размяшчэнне Пентагонам новых ядзерных узбраенняў у Еўропе.
Мяркуецца, што на базе будуць размешчаныя знішчальны полк Су-27, навучальнае звяно Су-27, а таксама эскадрылля ваенна-транспартных верталётаў Мі-8. Саму базу будуць прыкрываць зенітныя ракетныя комплексы С-300В са складу 147-й зенітнай ракетнай брыгады ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл Беларусі.
Дарэчы, знішчальнікі Су-27 могуць несці на сваім борце і ядзерныя боепрыпасы. У "Независимой газете" выказваецца сумнеў, што гэтыя боепрыпасы будуць цяпер размешчаныя ў Беларусі, бо наша краіна выконвае Дамову аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Тым не менш ядзерныя сховішчы, якія засталіся ў Бабруйску з савецкіх часоў, па звестках мясцовых СМІ, па-ранейшаму гатовыя да эксплуатацыі.
Колькі будзе каштаваць Расеі арэнда авіябазы ў Бабруйску, пакуль не вядома. У Расіі мяркуюць, што размяшчэнне базы "на тэрыторыі галоўнага саюзніка Расіі, як і іншых расійскіх ваенных аб'ектаў у рэспубліцы, будзе бясплатным".
Фото: bobruisk.ru