Лукашэнка распавёў, як зверху назірае за леснікамі
23 траўня Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў сітуацыю ў лясной галіне. Ён паразмаўляў на гэтую тэму з віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Дворнікам і старшынём Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанідам Анфімавым. Яны праінфармавалі яго пра тое, як павышаецца эфектыўнасць выкарыстання рэсурсаў беларускіх лясоў.
"...Мы ставімся да лесу агідна, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. —Я бываю часта (не толькі пралятаю — я зверху таксама бачу, што адбываецца) у лесе і гляджу, як працуюць нашы леснікі".
У лясах мала парадку, лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён абураны, што ў нашай краіне так бязладна ставяцца да дару прыроды. "А вы там напілавалі дзесьці лесу, нават ужо журналісты знайшлі, і не можаце яго перапрацаваць", — крытыкаваў Аляксандр Лукашэнка чыноўнікаў. Ён параіў вучыцца ў немцаў, у якіх у лясной галіне "няма адходаў". "Перапрацуйце і прадайце", — паставіў задачу беларускі кіраўнік.