Лукашэнка сумняецца, ці варта падтрымліваць Светлагорскі цэлюлозны камбінат

Лукашэнка сумняецца, ці варта падтрымліваць Светлагорскі цэлюлозны камбінат

17 снежня ў Аляксандра Лукашэнкі прайшла нарада па рэалізацыі праблемных інвестыцыйных праектаў. Па яе выніках кіраўнік дзяржавы даручыў дадаткова вывучыць, ці сапраўды неабходная дзяржаўная падтрымка для чатырох самых складаных праектаў. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў прэм'ер-міністр Сяргей Румас.

Падчас нарады прадстаўнікі ўрада агучвалі справаздачы па ажыццяўленні самых буйных інвестыцыйных праектаў у краіне. На кантролі ўрада знаходзяцца 34 такія праекты. Прычым 22 з іх ужо ўведзеныя ў эксплуатацыю. А 12 з гэтых 22 выйшлі на праектную магутнасць.

Пытанні ў Лукашэнкі ўзніклі па чатырох самых складаных праектах, кажа Румас. Для іх далейшага ажыццяўлення патрэбныя ўказы кіраўніка дзяржавы. "Урад адпрацаваў гэтыя праекты з зацікаўленымі. Прэзідэнт не падтрымаў гэтыя дакументы ў працоўным парадку, а адправіў іх на нараду, каб яшчэ раз пераканацца, што меры, якія просяць прадпрыемствы ў выглядзе дзяржпадтрымкі для заканчэння гэтых праектаў, пралічаныя і аптымальныя", — дадаў прэм'ер-міністр.

Гаворка ідзе пра будаўніцтва завода па выпуску сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ "Светлагорскі ЦКК", выпуск мелаваных і немелаваных відаў кардону ў Добрушы і вытворчасць паперы-асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў у Шклове. Чацвёрты з праблемных праектаў — вытворчасць суконных тканін на плошчах мінскага прадпрыемства "Камволь".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі