Лукашэнка: Трэба павысіць заробкі настаўнікам і працаўнікам дзіцячых садкоў
Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне знайсці магчымасці для істотнага павышэння ім заробкаў з наступнага навучальнага года.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падобныя захады ўжо рабіліся, але з павелічэннем нагрузкі заробкі настаўнікаў выраслі нязначна. "Тут трэба задзейнічаць усе наяўныя рэзервы, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Паглядзіце, на што трацяцца грошы, прыбярыце ўсё лішняе, вы зэканоміце грошы і аддасце тым, каму трэба сёння дадаць заработную плату".
Лукашэнка падкрэсліў: "Настаўнікаў крыўдзіць нельга. Яны складаюць адну з самых актыўных частак грамадства, апірышча ўлады на месцах".
Выконваць даручэнне і шукаць сродкі будуць урад, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам.
Нагадаем, у аўторак кіраўнік дзяржавы правёў нараду па ўдасканаленні сістэмы і працы па прыёме ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Аляксандр Лукашэнка выказаўся на тэму карупцыі ды адзначыў, што "толькі ідыёт пасля падзей ва Украіне не зробіць высноваў". Паводле яго слоў, сённяшняя беларуская моладзь толькі і думае, як напоўніць кішэні "зялёнай капустай".
Фота — ria.ru