Лукашэнка: У нас жыццё не прыўкраснае, яно цярпімае
Аляксандр Лукашэнка назваў галоўнай падзеяй 2017 года ў Беларусі пераадоленне негатыўных тэндэнцыяў у эканоміцы. Пра гэта ён заявіў падчас наведвання Свята-Духава кафедральнага сабору, паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны.
“Мы пражылі вельмі складаны год. Я не буду ўдавацца ў падрабязнасці, ужо шмат казаў і напрыканцы года, і ў сваім навагоднім звароце. Але галоўная ўсеагульная падзея гэтага года — што нам, як і марылі год таму (я ў тым ліку, стоячы тут, казаў пра гэта), удалося пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў нашай эканоміцы, і гэта неадкладна паўплывала на ўсё наша грамадства”, — заявіў Лукашэнка.
“Жыццё ў нас не прыўкраснае, я гэта разумею, яно цярпімае. Сёлета мы павінны зрабіць крок наперад, узняцца на прыступку вышэй, каб гэтае жыццё было не проста цярпімым, а нармальным. Асаблівасці цяперашняга моманту ў тым, што ў нас ўсё для гэтага ёсць. І мы абавязкова павінны разам з вамі зрабіць гэты крок, на гэтую прыступачку ўзняцца. І тады ў нас праз год будзе пра што размаўляць, і ў нас зусім іншы будзе настрой”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
7 студзеня Лукашэнка па традыцыі запаліў раствовую свечку ля Мінскага абраза Божай маці ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Яго сустрэў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. Кіраўнік краіны прынёс у дар Беларускай праваслаўнай царкве абраз Раства Хрыстовага, напісаны ва ўнікальнай тэхніцы воскавай тэмперы. Іканаграфія блізкая да Полацкай фрэскі і традыцыйная для беларускай школы іконапісу ХІІ стагоддзя. Мітрапаліт Павел падараваў Аляксандру Лукашэнку абраз “Збаўца”. Яго прывезлі з Іерусаліма і асвяцілі на Труне Гасподняй.