Лукашэнка загадаў скараціць беларускія дыппрадстаўніцтвы ў Еўропе
Аляксандр Лукашэнка даручыў скараціць беларускія дыппрадстаўніцтвы ў Еўропе. Заява прагучала на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі на сучасным этапе.
""Слухайце, ну навошта нам там трымаць кучу дыпламатаў, калі мы наогул з імі не гандлюем, а палітычныя адносіны, дыпламатыя, ну яна не проста адсутнічае, яна на шкоду дзяржаве", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Ён прапанаваў здымаць для амбасадаў кватэры: "Калі там трэба адзін амбасадар і памочнік, ну пакіньце іх, здыміце ім двухпакаёвую кватэру і хай працуюць". А пашыраць амбасады Лукашэнка лічыць неабходным, калі пойдзе развіццё супрацоўніцтва.
Таксама ён заявіў, што дыпламаты абавязаныя падтрымліваць яго палітыку: "Або вы з народам, краінай, прэзідэнтам, тварам якога вы з'яўляецеся там і які вас туды накіроўвае. Або такія кадры краіне не патрэбныя".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.