Лукашэнка зноў гаварыў пра Польшчу, якая "прыглядаецца" да Гродна (відэа)
Кіраўнік дзяржавы ў пятніцу здзейсніў рабочую паездку ў Гродзенскую вобласць.
Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада наведаў з рабочай паездкай Гродзенскую вобласць. Ён заехаў на Гродзенскую ГЭС, а пасля паўдзельнічаў у нарадзе з кіраўніцтвам вобласці, якое раскрытыкаваў за замаруджаныя тэмпы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.
Лукашэнка нагадаў гродзенскім чыноўнікам, што напярэдадні ставіў задачу старшыні КДБ, паколькі "наша суседка ды і іншыя краіны пільна прыглядаюцца да Беларусі, асабліва да гэтага рэгіёна Гродзенскага". Ён адзначыў, што "такой прыгажосці, такой прыроды і такога горада, як Гродна, у свеце больш няма. Гэта ўнікальнае месца".
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да прысутных з такімі словамі: "Запомніце адно, і рускія, украінцы, яўрэі і палякі, гэта наша-ваша зямля, і вас ніхто нідзе не чакае. Лепшай зямлі для вас не будзе". Асобна кіраўнік Беларусі звярнуўся да палякаў:
"Вы павінныя запомніць, што ў Гродна палякі — так, але гэта нашы палякі. Гэта іх зямля, і парабкамі, нават там, дзе жывуць іх суайчыннікі, яны не будуць. Яны будуць гаспадарамі, але на гэтай зямлі. І я думаю, што мы для вас зрабілі ўсё, што я абяцаў ва ўсе свае перадвыбарчыя кампаніі".
Лукашэнка адзначыў, што на палякаў Гродзеншчыны няма ніякага ўціску, яны маюць працу, магчымасць "хадзіць сваёй дарогай да храма, у той храм, які вы хочаце".
Фота — ria.ru