Лукашэнка зрабіў Расію вінаватай

Падчас прэс-канферэнцыі для журналістаў рэгіянальных расійскіх СМІ Расіі Аляксандр Лукашэнка дазволіў сабе некалькі выказванняў, якія напэўна будуць не да спадобы ў Крамлі
У зрыве Саюзнага будаўніцтва вінаваты Ўладзімір Пуцін?

Для стварэння Саюзнай дзяржавы або саюза славянскіх дзяржаў найперш патрэбная воля кіраўнікоў гэтых дзяржаў, — зазначыў беларускі прэзідэнт. І працягнуў: "Хіба была б праблема ў хуткім развіцці праекта Саюзнай дзяржавы, калі б была на гэта воля Пуціна і Лукашэнкі? Не было такой волі, і гэты працэс шмат у чым прытармазіўся. Я не буду паглыбляцца ў дэталі і не жадаў бы пра гэта гаварыць. Не Лукашэнка ў гэтым вінаваты".

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, калі ён і Барыс Ельцын задумвалі расійска-беларускі саюз, яны планавалі, што шлях да яго будзе хуткім. "І тады Ўкраіне проста не было б куды падзецца акрамя таго, як далучыцца да саюза. Меркавалася, што Ўкраіна, пасля таго як мы пакажам перавагу і пойдзем наперад, на працягу двух, трох, пяці гадоў, да нас далучыцца.

Кучма з гэтым пагадзіўся. Але здарылася так, што пазней, увосень, пры канцы свайго прэзідэнцкага жыцця ён сказаў: "У які саюз уступаць? Ды вы ўдвох не можаце разабрацца!". Задума была добрая, але з першай спробы не атрымалася", — цытуе словы беларускага прэзідэнта ИА REGNUM.

Беларусь не прызнае Абхазію і Паўднёвую Асецію з-за “цкавання” з боку расійскіх СМІ

Беларусь ад пачатку не мела нічога супраць таго, каб прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Аднак гэтаму замінула цкаванне, што пачалося у расійскіх СМІ, “падкантрольных некаторым расійскім чыноўнікам”: маўляў, Беларусь не прызнае самаабвешчаныя рэспублікі, бо Расія не дала 500 мільёнаў крэдыта. І ў кіраўніцтве Расіі пра гэтае цкаванне ведалі.

Сітуацыя, якую прапаноўвалі расійскія СМІ: грошы ў абмен на прызнанне незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі — для Беларусі была вельмі нязручнай. Так нідзе не робіцца, каб незалежнасць краінаў прызнавалася за грошы, — зазначыў прэзідэнт. “Я сказаў аднаму і другому [Пуціну і Мядзведзеву – заўв. Зм. Глінскі]: стоп! Калі вы гэтую сітуацыю дазволілі — цяпер цярпіце!”. Такім чынам, у тым, што Беларусь дагэтуль не прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, Аляксандр Лукашэнка зрабіў вінаватай Расію.

“Родная Расія" крыўдзіць малога суседа, адмаўляючы ў распрацоўцы радовішчаў

Расія адмаўляецца далучыць Беларусь да распрацоўкі сваіх нафтавых і газавых радовішчаў. “Чаму? Падумайце самі!” — Сказаў Аляксандр Лукашэнка з крыўдай у голасе.

Па словах беларускага прэзідэнта, "усё сёння едуць у Расію — амерыканцы і іншыя — распрацоўваюць радовішчы", а беларусам доступ да расійскіх вуглевадародных рэсурсаў зачынены. "Калі гэта своеасаблівая спроба трымаць дзяржаву на кароткім ланцужку, то гэта няправільна… Мы маглі б паспяхова працаваць у вас", — цытуе Лукашэнку Lenta.ru.

У якасці прыкладу, які тлумачыць, чаму Расія не запрашае да сабе беларускія нафтавыя і газавыя кампаніі, Лукашэнка прывёў прыватызацыю "Белтрансгаза". “Я тады гаварыў Пуціну: вы нам даеце радовішчы на 10 мільярдаў кубаметраў газу, а мы аддаем вам адпаведны адсотак "Белтрансгаза". Дадаеце яшчэ — мы аддаем вам гэтую трубу. Добрая прапанова, але адказу няма дагэтуль”.


Такім чынам, удзельнікі прэс-туру апынуліся ў цікавым становішчы. У свае рэгіянальныя медыі яны павязуць з Беларусі крытыку дзеянняў расійскага ўраду. Што напісаць, каб і ў наступны прэс-тур запрасілі, і Масква не раззлавалася? Задача складаная.

Падчас прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка зрабіў таксама некалькі знакавых заяў наконт стану спраў унутры Беларусі

На грошы, адабраныя ў ільготнікаў, пабудаваны анкалагічны цэнтр у Гомелі

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пра сваё адмоўнае стаўленне да ільготаў ён заяўляў яшчэ падчас прэзідэнцкіх кампаній. З іншага боку кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падтрымлівае ільготы для ветэранаў вайны і “чарнобыльцаў”. Але толькі для тых, хто іх напраўду заслугоўвае.

Бо "пасля катастрофы ў нас "чарнобыльцамі" стала ледзь не палова насельніцтва, і ўсім павыпісвалі пасведчанні, — цытуе прэзідэнта інфармагенцтва "БелаПАН". — Мы ўсё гэта ўпарадкавалі. Была маса выплатаў па 3, 10, 15 долараў. Але ёсць жа напраўду пацярпелыя, іх тысячы. Мы спынілі дробныя выплаты, неабгрунтаваныя ільготы".

На гэтыя грошы, паведаміў прэзідэнт, пабудаваны навукова-практычны рэабілітацыйны цэнтр у Гомелі. "Гэты цэнтр збірае тэарэтыкаў і практыкаў, там праходзяць лячэнне і расейцы, і ўкраінцы. Яны гатовыя плаціць за гэта любыя грошы. Акрамя гэтага, на зэканомленыя сродкі былі пабудаваныя дарогі і газіфікаваная ўся чарнобыльская зона", — заявіў сп. Лукашэнка.

Рэформа беларускай арміі завершаная

Рэформа беларускай арміі завершаная, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 2 кастрычніка ў Мінску падчас сустрэчы з расійскімі журналістамі. Праўда, па словах прэзідэнта, пакуль што не вырашанае пытанне аб скарачэнні ўзброеных сілаў са 150 да 50 – 60 тысяч чалавек, паколькі "гэта жа за год не зробіш". Скарачаючы армію, сп. Лукашэнка ўсё ж спадзяецца падвышаць яе баяздольнасць за кошт новага ўзбраення.

Па словах сп. Лукашэнкі, у Беларусі вядзецца мадэрнізацыя ўзбраення, у тым ліку — танкаў і самалётаў. Так, удасканаленыя танкі, сказаў Лукашэнка, сталі "трапна страляць" і атрымалі абарону ў выглядзе "самай сучаснай брані", а знішчальнікі могуць не толькі весткі паветраны бой, але і наносіць удары па наземных аб'ектах.

Праўда, Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што паспяховасць баявых дзеянняў сёння залежыць найперш не ад танкаў і самалётаў, а ад наяўных тэхналогій сувязі, сістэмы кіравання і падрыхтоўкі людзей.

Фота: AFP.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі