Лукашэнку распавялі, што ён "вельмі папулярны чалавек ва Украіне"
Аляксандру Лукашэнку распавялі, што ён "вельмі папулярны чалавек ва Украіне". У аўторак беларускі кіраўнік сустракаўся ў Палацы Незалежнасці з Яўгенам Марчуком, украінскім прадстаўніком у трохбаковай кантактнай групе па мірным урэгуляванні сітуацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях. Гаворка ішла пра беларуска-украінскае супрацоўніцтва і пра сітуацыю на Данбасе.
Марчук пачаў з перадачы прывітання ад украінскага прэзідэнта.
"Я хачу перадаць вам ад Пятра Аляксеевіча [Парашэнкі] цёплае прывітанне, я ўчора з ім бачыўся, — цытуе словы Яўгена Марчука тэлеканал СТБ. — Ён прасіў перадаць, што задаволены, як развіваецца супрацоўніцтва ўкраінска-беларускае, асабліва пасля Форума рэгіёнаў [у канцы 2018-га ў Гомелі], ну і не толькі. Камісія двухбаковая працуе як гадзіннік".
Марчук прызнаўся Лукашэнку, што патрапіў у яго "фантастычную бібліятэку" і правёў там цэлы дзень. "Такіх бібліятэк няшмат у свеце", — сказаў ён.
"Вы — вельмі папулярны чалавек ва Украіне, я вам скажу гэта шчыра", — сказаў Яўген Марчук беларускаму кіраўніку.