“Лямпы — яны разнастайныя”. Ідзём у госці да хлопчыка з сіндромам Аспергера
Знаёмцеся — гэта Кастусь Жыбуль, яму 12 гадоў. Хлопчык свабодна размаўляе на беларускай і рускай мовах і навучаецца дома па агульнаадукацыйнай праграме. А яшчэ малюе, піша казкі, вершы і нават п'есы. У яго сіндром Аспергера — гэта самая лёгкая з форм аўтызму.
Упершыню мы ўбачылі Кастуся падчас прэм'еры спектакля "Аднойчы ў вялізным горадзе" інклюзіўнага тэатра "і": ён выконваў ролю хулігана. А крыху раней тэатр паставіў п’есу “Чыгунка”, якую напісаў Кастусь.
"Я напісаў 35 казак, а можа, больш. 20% казак становяцца п'есамі. Калі спектакль ставяць на сцэне, мне бывае радасна. І як дзеці ролі выконваюць, таксама радасна”, — распавядае Еўрарадыё Кастусь. Мы сядзім у цеснай хрушчоўцы ў раёне Трактарнага завода, дзе Кастусь жыве з бацькамі, малодшым брацікам Эрыкам і дзедам.
Кастусь — сын беларускіх літаратараў Віктара і Веры Жыбуляў. Пра дыягназ сына бацькі даведаліся, калі хлопчыку было чатыры гады, і яго паходы ў садок былі сапраўдным выпрабаваннем.
“Калі з'явіўся дыягназ, стала зразумела, што з ім рабіць, дзе браць інфармацыю. Мне палегчала. Цяжка з ім было ў садку, ён там знаходзіўся тры гадзіны на дзень, але мне самой было прасцей. Калі вораг мае імя, з ім можна змагацца", — кажа Вера Жыбуль.
Па словах маці, Кастусь разумны, і ў яго цудоўная фантазія. Хлопчык без пытанняў засвойвае школьную праграму. Пакуль хоўмскуліг — аптымальны варыянт, бо яго гіперактыўнасць, няўменне засяроджвацца і жаданне размаўляць выключна пра тое, што яму цікава, не вітаюцца ў звычайнай школе. Адзіны асяродак, дзе Кастусь камунікуе з дзецьмі, — тэатр.
“У школе дзеці мусяць падпарадкоўвацца пэўнай дысцыпліне. Калі нехта з нейкай прычыны гэтага не робіць, да яго не ўзнікае пытанняў накшталт, чаму ты, бедненькі, не можаш? А узнікае пытанне, як цябе хутчэй адтуль прыбраць, каб ты не замінаў вучыцца іншым ці працаваць настаўніку, — тлумачыць Вера Жыбуль. — Гэта не жорстка, гэта тое, што мы пакуль што маем. У тэатры такога няма. Усе ведаюць, як могуць паводзіць сябе гэтыя дзеці, усе ім прабачаюць. Унікальна, што педагогі навучыліся арганізоўваць працоўны працэс з гэтымі асаблівасцямі, нават перашкодамі. Але там творчыя заняткі. Нешта ствараецца. Калі Кастусь мае нейкае індывідуальнае заданне, а роля — гэта заўсёды індывідуальнае заданне, ён працуе. Ён можа хутчэй стаміцца ад перапынкаў паміж працай, чым ад уласна працай над сваёй роляй”.
Пакуль мы размаўляем, Кастусь вучыцца запальваць свечку і шукае цацкі маленькага Эрыка, пра якія напісаў вершы. Ён дакладна ведае, дзе якая знаходзіцца, і ўзважвае іх на маленькіх электронных вагах. Вера кажа, што асаблівых маральных цяжкасцяў у стасунках з сынам не мае: такія дзеці вельмі прадказальныя, і калі ведаць, як і на што яны рэагуюць, можна выбудаваць стратэгію ўзаемадзеяння.
“Такія дзеці вельмі наіўныя і насамрэч добрыя, — працягвае мама хлопчыка. — Ён можа правакаваць, казаць дрэнныя словы, хоць і ведае, што гэта бацькам не падабаецца. Але робіць ён гэта без зла, проста хоча выклікаць эмоцыю. Камунікаваць інакш ён не ўмее. Калі гэта разумець, то стасавацца з ім не так ужо і складана. Гэта чалавек, у якім насамрэч шмат любові, яму самому няпроста. Яго трэба падтрымліваць і прабачаць”.
На развітанне Кастусь распавядае, што вельмі любіць гуляць у камп’ютарныя гульні і ставіць рэкорды. Адзін з яго самых любімых заняткаў — разглядаць лямпы ў пад’ездах:
“Лямпы — яны разнастайныя. Бываюць грушы, кабачкі, грушы ў кратах, сліўкі. Мне цікава, на якім паверсе якая лямпа ўкручаная і які там плафон. У маім пад'ездзе на першым паверсе лямпа-палосачка, на другім — лямпа-спіралька, на трэцім — лямпа-дыёдзік-грушка, на чацвёртым — лямпа-кабачок гарыць халодным святлом. А на пятым — лямпа-груша. Лямпы мне падабаюцца, бо мне цікава, што адчувае чалавек, які жыве ля гэтых лямпаў”.