Макей раскажа кіраўніку МЗС Расіі пра Рыжскі саміт
А таксама абмяркуе адносіны з Еўрасаюзам і ЗША.
7-8 чэрвеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей наведае Расію па запрашэнні свайго расійскага калегі Сяргея Лаўрова. Як паведамляе РІА "Новости", бакі звераць падыходы па актуальных пытаннях двухбаковага і міжнароднага парадку дня.
Паведамляецца, што абодва міністры абмяркуюць стан і перспектывы адносінаў Беларусі і Расіі з Еўрасаюзам і ЗША. Чакаецца, што Макей раскажа расійскаму калегу пра саміт Усходняга партнёрства, які прайшоў у траўні ў Рызе. Нагадаем, што МЗС Расіі яшчэ да пачатку Рыжскага саміту назваў яго антырасійскім.
Расія назвала Рыжскі саміт, у якім паўдзельнічае Беларусь, "антырасійскім"
Як адзначыў намеснік дырэктара Інстытута СНД Уладзімір Жарыхін, такія перамовы — нармальная практыка ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Расіяй. Калі Расія ўваходзіла ў "Вялікую васьмёрку", МЗС Расіі пастаянна інфармаваў Беларусь пра вынікі пасяджэнняў G-8.
Таксама Макей і Лаўроў плануюць абмеркаваць рэалізацыю праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі Саюзнай дзяржавы на 2014-2015 гады. Да таго ж міністры разгледзяць выкананне плана беларуска-расійскіх ініцыятыў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя таго, яны абмяркуюць узаемадзенне Беларусі і Расіі ў ААН, чыё 70-годдзе будзе адзначацца сёлета.
Фота — ria.ru