Марадона: “І'm coach!”. Прэс-служба “Дынама-Брэст”: Ён проста не так выказаўся
Аргентынскі футбольны спецыяліст Дыега Арманда Марадона стаў старшынёй праўлення брэсцкага “Дынама”. Адначасова з гэтым пачалі хадзіць чуткі, што ён будзе спалучаць адміністрацыйную працу з трэнерскай. А пасля таго як зʼявілася відэа, на якім Дыега Марадона трымае толькі што падпісаны кантракт з “Дынама-Брэст” і кажа, што ён і прэзідэнт і “коўч”, чуткі нават амаль перасталі быць чуткамі:
Але ў Брэсце трэнерскія перспектывы Дыега Марадоны абвяргаюць. Як патлумачыла Еўрарадыё прэс-сакратарка Вольга Хіжынкова, аргентынец — толькі старшыня праўлення клуба, а фраза пра трэнера была сказаная ў эмацыйным парыве:
“Ён не будзе трэнерам клуба. А ў тым, што Дыега ў эмацыйным парыве кажа нейкія рэчы, няма нічога асаблівага. Ён будзе ўдзельнічаць ва ўсіх структурных падраздзяленнях клуба. У тым ліку ўзаемадзейнічаць з трэнерскім штабам. Ён у парыве сказаў тое, што ён сказаў. Але проста не так выказаўся. Пакуль пасада галоўнага трэнера ў нас вакантная”.
Ці будзе Дыега Марадона жыць у Брэсце?
Уначы ў твітар-акаўнце брэсцкага “Дынама” з’явілася абвестка пра пошук іспанамоўнага кіроўцы і хатняй работніцы. Па словах Хіжынковай, аргентынскі спецыяліст будзе прыязджаць у Брэст, але ўвесь час жыць там не будзе:
“Значную частку свайго часу Дыега будзе праводзіць у Брэсце. Але паводле наяўных кантрактаў з ім, якія ў яго ўжо падпісаныя, ён фізічна не зможа быць у Брэсце пастаянна. Таму ён будзе перыядычна сюды прыязджаць”.