Матч з удзелам Мікалая Лукашэнкі "Беларусь 5" паказаў у жывым эфіры
Каманда "Грыфоны" (яна прадстаўляе Цэнтральны раён сталіцы), за якую выступае малодшы сын кіраўніка дзяржавы Мікалай Лукашэнка, выйграла рэспубліканскія спаборніцтвы "Залатая шайба" ў старэйшай узроставай групе ў дывізіёне А. У панядзелак на "Чыжоўка-Арэне" ў фінале быў абыграны "Сокал" з Горак — 10:3. Лукашэнка закінуў тры шайбы і зрабіў дзве выніковыя перадачы.
Матч "Грыфоны" — "Сокал" быў паказаны ў жывым эфіры тэлеканалам "Беларусь 5". У чаканні цырымоніі ўзнагароджання, тэлеканал трансляваў і канцэрт юных артыстаў на "Чыжоўка-Арэне".
Мікалай Лукашэнка ўвайшоў у сімвалічную пяцёрку турніру. Прызы ад Аляксандра Лукашэнкі ён атрымаў з рук Дзмітрыя Лукашэнкі, які прадстаўляў прэзідэнцкі спартыўны клуб.
Лукашэнка — найлепшы бамбардзір турніру, ён закінуў 10 шайбаў і зрабіў 9 выніковых перадачаў.