Меркаванне пра крызіс: "Беларусы, што спакойна рэлакаваліся, таксама не ўцекачы"
Меркаванне пра міграцыйны крызіс / kooikkari
Яўген удзельнічаў у спрэчках пра права ўцекачоў на Еўропу яшчэ ў 2015-м, калі ў Еўропе абвастрыўся міграцыйны крызіс. Гэта значыць, час на фармаванне меркавання ў яго быў.
Цяпер працягвае прыводзіць аргументы ў спрэчках у фэйсбуку. Але запэўнівае, што за межамі сацсетак праблема стаіць не так востра, а напал жарсцяў куды як ніжэйшы.
Мы працягваем публікаваць серыю "Страх і нянавісць". Гэта размовы, у якіх мы стараемся асэнсаваць нашу новую рэальнасць і гаворым пра міграцыйны крызіс.
"Я б не пераацэньваў пагрозу"
— У мяне няма ў блізкім коле зносін кагосьці, каго я б мог назваць мігрантам (калі не лічыць беларусаў, якія мігравалі), няма і нейкіх негатыўных гісторый, накшталт "мяне ў Стакгольме абрабавалі сірыйскія ўцекачы".
Я не надта талерантны да невуцтва, асабліва агрэсіўнага, ідэйных змагароў за мір ва ўсім свеце таксама недалюбліваю. А вось нецярпімасці да людзей па нейкіх фармальных прыкметах накшталт расы, нацыянальнасці, арыентацыі ў мяне быццам бы няма.
На мой погляд, трэба памятаць, што мігрант — госць у чужой краіне, з усімі плюсамі і мінусамі гэтага статусу. І адпаведна, яны павінны прымаць правілы таго дома, дзе яны ў гасцях, таму што не ён і не яго продкі зрабілі гэтую зямлю такой, якая яна ёсць, не іх потам і крывёю яна палітая, пардон за пафас. Небяспека гэтай сітуацыі — узнікненне эмігранцкіх гета, дзе прыхадні жывуць пакаленнямі, не інтэгруючыся ў мясцовую культуру і не жадаючы гэтага рабіць.
Беларусам мігранты пакуль нічым не пагражаюць, у найбліжэйшай перспектыве, напэўна, магчымы рост злачыннасці, калі ў гэтых тысяч людзей, якія сядзяць па беларускіх лясах, гатэлях і пераходах, скончацца грошы і цярпенне.
Але я б не пераацэньваў гэтую пагрозу.
Куды знікла беларуская салідарнасць? Па-першае, дзяржава ў апошнія паўгода зачысціла ўсё што можна, так што тыя, хто мог бы зараз праявіць ініцыятыву, нават калі яны яшчэ ў краіне, выдатна разумеюць, што за яе караюць. Я думаю, рэч у першую чаргу ў гэтым.
Па-другое, з героямі ў белых халатах або са сваімі суседзямі салідарызавацца ў цэлым прасцей, чым з падазронымі чужынцамі. Сам я не вельмі разумею, у чым я на цяперашні момант магу праявіць салідарнасць з мігрантамі.
"Беларусы, якія спакойна рэлакаваліся, а не ўцякалі з заплечнікам, — таксама не ўцекачы"
— Ці ёсць для мяне адрозненне паміж мігрантам з Беларусі, які ўцякае ў Польшчу, і курдам, які ўцякае ў Германію? Ёсць. Уцякач з Беларусі ўцякае "адкуль", мігрант з Курдыстана ўцякае "куды". І гэта прынцыповая розніца.
Я цалкам па-чалавечы разумею імкненне зваліць з краіны, дзе жыць так сабе, у краіну, дзе жыць добра. Спачуваю людзям, якія захраслі напярэдадні зімы ў прымежных лясах, і зусім не зычу ім зла і не злараднічаю "вось зараз вам палякі пакажуць!".
Але людзі, якія ратуюць сваё жыццё і свабоду, уцякаюць ад рэпрэсій, вайны, голаду, не выбіраюць краіну з большай грашовай дапамогай, а ўцякаюць туды, куды могуць уцячы. Габрэй, які ўцякае ад халакосту, следчы з "Байпола", які сыходзіць лясамі ў Польшчу, — уцекачы. Нашы госці з Курдыстана — у масе сваёй эканамічныя мігранты.
Дакладна такія самыя, як тыя тысячы беларусаў, якія не з'ехалі з адным заплечнікам пад пагрозай арышту (некаторыя самалётам або аўтобусам, а некаторыя і лясамі), а больш-менш спакойна рэлакаваліся, — яны таксама не ўцекачы. Так, у параўнанні з курдамі або сірыйцамі мы ў прывілеяваным становішчы, нам еўрапейскія краіны лёгка выдаюць візы, якія тым мігрантам атрымаць практычна нерэальна.
Але гэта права еўрапейцаў — вырашаць, грамадзян якіх краін яны рады ў сябе бачыць, а якіх не. Як я раней казаў, гэта іх зямля, палітая крывёю і потам іх продкаў, і гаспадары там яны.
Важна памятаць, што мігранты — гэта ў першую чаргу людзі. А людзі бываюць розныя, як добрыя, так і дрэнныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.