Міхалок: Я прыязджаю ў Мінск выключна з рэвалюцыйным творчым пасылам

Міхалок: Я прыязджаю ў Мінск выключна з рэвалюцыйным творчым пасылам

На днях у беларускую сталіцу прыехаў Сяргей Міхалок, каб уласнаручна атрымаць ад чыноўнікаў дазвол на правядзенне канцэрта Brutto у Мінску. Па чутках, у Мінгарвыканкаме гастрольку былому "Ляпісу" далі ў абмен на выкананне "Розочки" на канцэрце, і музыка нібыта на гэта пагадзіўся. Так што, верагодна, 27 траўня ў Палацы Спорту фэны Brutto пачуюць не толькі спартыўныя і рэвалюцыйныя трэкі, але і старыя "ляпісаўскія" хіты.

Як прызнаўся Міхалок у інтэрв'ю радыё "Свабода", за пяць гадоў, якія ён не выступаў у Беларусі, рэвалюцыя свядомасці адбылася не толькі ва Украіне, але і на яго Радзіме. І што цяпер надышоў час візіту ў Беларусь выключна з рэвалюцыйна-творчым пасылам:

"Я хачу прыехаць у Беларусь не рабіць рэвалюцыю на вуліцах, таму што яна ўжо была. Ужо наш Міша Жызнеўскі прынёс ад нашага народа ахвяру на рэвалюцыйны алтар. Мне падаецца, што рэвалюцыя свядомасці цяпер залежыць ад людзей творчых і актыўных. І вось маё асабістае далейшае дзеянне — гэта з тымі, хто зразумеў, што адбылося, у каго адбыўся гэты надлом, катарсіс — разам з імі ствараць масты. Таму што я лічу, што цэнтр гэтай агромістай прасторы вярнуўся туды, дзе ён і павінен быў знаходзіцца".

Міхалок выступае за "творчую перманентную рэвалюцыю". Пры гэтым падкрэслівае, што ён не правакатар, і што ўся ваяўнічасць Brutto антымілітарыстычная.

"Я ж такі ж патрыёт, як нейкі камсамолец ці бээрэсэмавец з Беларусі. А так, атрымліваецца, што за патрыятызм: бярозку люблю, каштан люблю, а крапіву не люблю. Я крапіва. Я панк-музыка. У Амерыцы ёсць серыял "Картачны домік", які дакладна, ясна і крута паказвае ўсю амерыканскую сістэму. Пры гэтым Абама любіць гэты серыял. Ёсць "Соус парк", а альбом "American Idiot" атрымлівае дзевяць "Грэмі". Я і мушу быць такім беларусам. І тое, што я часам гавару ў стане афекту — гэта маё шутаўское права, гэта права мяне-гаера. Я ні разу не ўзяў ні капейкі дзяржаўных грошай, я не належу ніякім інстытуцыям і філармоніям. Маё пытанне ў тым, што не я змяніўся, а я бачу, што цяпер час прыйшоў. І я прыязджаю з выключна рэвалюцыйным, падкрэсліваю, творчым пасылам, таму што я бачу людзей, якія ўжо гатовыя будаваць новую Беларусь, не чакаючы сур'ёзных катаклізмаў. Катаклізмы прайшлі".

Нагадаем, напрыканцы студзеня Сяргей Міхалок запісаў відэазварот да міністра культуры Святлова. У ім музыка прапанаваў міністру даказаць, што ў Беларусі няма забароненых гуртоў, даўшы магчымасць Brutto выступіць у любы дзень і час у Мінску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі