Мікалай Статкевіч знайшоўся ў турме на Акрэсціна
Зніклы апазіцыянер Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна. Яго асудзілі на пяць сутак. Пра гэта жонка палітыка Марына Адамовіч паведаміла журналістцы Наталлі Радзінай. Хутчэй за ўсё, Статкевіча абвінавацілі ў дробным хуліганстве.
Як інфармавала Еўрарадыё, Статкевіч знік увечары 28 красавіка. Гэта адбылося напярэдадні несанкцыянаванай акцыі 1 траўня, на якую ён заклікаў грамадзян.
За гэтую вясну Статкевіча ўжо другі раз нейтралізуюць падобным чынам перад вулічнай акцыяй. Першы раз яго затрымалі супрацоўнікі КДБ перад 25 сакавіка. Тады яны заяўлялі жонцы палітыка, што не маюць пра яго ніякіх звестак.