Міколу Статкевіча будуць судзіць за акцыю на Дзень Волі
Экс-палітвязня Міколу Статкевіча будуць судзіць за акцыю на Дзень Волі. Разгляд яго адміністратыўнай справы адбудзецца 8 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Інфармацыю пра гэты суд Статкевіч атрымаў праз смс-паведамленне. У інтэрв’ю БелаПАН палітык заявіў, што не будзе рэагаваць на “спам” і не павядзецца “на гэтую правакацыю”.
Як паведамлялася раней, шэраг удзельнікаў акцыі на Дзень Волі атрымалі “завочныя” пратаколы. Сярод іх сустаршыня аргкамітэту “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Павел Севярынец і лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Першапачаткова шэсце 25 сакавіка планавалася ад Акадэміі навук па праспекце Незалежнасці да парка Янкі Купалы, аднак Мінгарвыканкам змяніў маршрут і прапанаваў арганізатарам ісці ад кінатэатра “Кастрычнік” на плошчу Бангалор.
Арганізатары палічылі такое рашэнне гарадскіх уладаў правакацыяй і заклікалі грамадзян сабрацца ля “Кастрычніка” і на месцы вызначыць маршрут шэсця. У той самы час экс-палітвязень Мікола Статкевіч заявіў пра намер ускласці кветкі да помніку Янку Купалу ў аднайменным скверы на знак удзячнасці заснавальнікам БНР, а затым далучыцца да асноўнай акцыі.
Севярынец і Лябедзька прымалі ўдзел ва ўскладанні кветак і выступілі каля яго перад іншымі ўдзельнікамі мерапрыемства.