Міліцэйскага палкоўніка з Гомельшчыны судзяць за хабар у 6000 долараў
Ён абяцаў перашкодзіць дэпартацыі расійскага грамадзяніна.
У Магілёўскім абласным судзе пачаліся слуханні крымінальнай справы былога намесніка начальніка крымінальнай міліцыі па аператыўнай рабоце УУС Гомельскага аблвыканкама. 46-гадовага Вячаслава І. вінавацяць у карупцыі, піша "СБ-Беларусь сегодня". У справе фігуруе таксама грамадзянін Расіі — 42-гадовы Андрэй К., які пастаянна пражывае ў Беларусі. Яго вінавацяць у даванні хабару.
Абодва мужчыны былі затрыманыя сёлета ў красавіку. Міліцыянта ўзялі пад варту, а з грамадзяніна Расіі ўзялі падпіску аб нявыездзе.
Па звестках следства, у студзені 2014 года расіянін, уладальнік будаўнічай фірмы, звярнуўся да высокапастаўленага гомельскага міліцыянта, каб пазбегнуць магчымай дэпартацыі ў Расію. Напярэдадні яго п'яным затрымалі за рулём, таму ён баяўся высылкі. Між тым, паводле заканадаўства такая мера яму не пагражала.
Па версіі следства, за гэтую "паслугу" міліцэйскі чыноўнік атрымаў 2 тысячы долараў. Гэты эпізод следства ацаніла як махлярства.
У сакавіку той самы расіянін зноў звярнуўся да палкоўніка міліцыі. Гэтым разам ён прасіў зняць з міждзяржаўнага вышуку яго знаёмага жыхара Масквы. У якасці падзякі міліцыянт атрымаў 4 тысячы долараў і дарагі наручны гадзіннік.
Фота — hronika.info