Мінабароны праводзіць навучальны збор тэрытарыяльных войскаў у Рэчыцкім раёне
Удзельнікі атрада народнага апалчэння падчас збору тэрытарыяльных войскаў у Асіповіцкім раёне
У Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці пачынаецца навучальны збор з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў. Ён разлічаны да 7 чэрвеня. Кіраваць працэсам будзе старшыня мясцовага райвыканкама, кажуць у Міністэрстве абароны Беларусі.
Мяркуецца, што падчас збору мясцовыя ўлады павінны адпрацаваць пытанні прыёму ваеннаабавязаных і "іх усебаковае забеспячэнне з выкарыстаннем рэсурсаў мясцовай базы мабілізацыйнага разгортвання". У ходзе збору таксама будуць працаваць над аднаўленнем навыкаў каманднага складу ў кіраванні падначаленымі і над падрыхтоўкай ваеннаабавязаных "да выканання задач у адпаведнасці з ваенна-ўліковымі спецыяльнасцямі і службовым прызначэннем". Акрамя таго, будуць адпрацаваны пытанні фармавання, падрыхтоўкі і прымянення атрада народнага апалчэння.
У Мінабароны мяркуюць, што "збор дасць магчымасць павысіць навыкі службовых асоб выканаўчых камітэтаў у пытаннях фармавання тэрытарыяльных войскаў, а ваеннаабавязаных – у выкананні задач па прызначэнні".
Тэрытарыяльныя войскі ў Беларусі гэта асаблівы род войскаў, які, згодна з заканадаўствам, склікаецца толькі на час вайны або ў перыяд напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Гэтыя войскі складаюцца з адслужыўшых асоб, якія знаходзяцца ў запасе, і існуюць у Беларусі з пачатку нулявых. У 2003 годзе з падачы Аляксандра Лукашэнкі быў прыняты закон "Аб народным апалчэнні" — у гэтыя падраздзяленні плануюць набіраць добраахвотнікаў, якія не з'яўляюцца ваеннаабавязанымі ці не падпадаюць пад мабілізацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.