Мінабароны: трэніроўка да парада ўсё ж прайшла — "пешым па-машыннаму"
Аўтобусы на месцы рэпетыцыі парада / svaboda.org
29 красавіка журналісты, якія прыехалі паглядзець на трэніроўку да парада Перамогі ў Мінску, не ўбачылі ніякіх актыўных дзеянняў. Рух на праспекце Машэрава не перакрываўся, хоць пра гэта загадзя папярэджвалі аўтамабілістаў гарадскія ўлады. А вайскоўцы, якія прыехалі на рэпетыцыю ў аўтобусах Міністэрства абароны, пра нешта параіліся і разышліся.
Аднак у Мінабароны Еўрарадыё расказалі, што трэніроўка да парада не сарвалася, а прайшла, як задумана. Проста гэта была не зусім звычайная трэніроўка.
— Яна прайшла "пешым па-машыннаму". Такая рэпетыцыя ўяўляе сабой свайго роду трэніроўку механікаў-кіроўцаў, рэкагнасцыроўку далейшага маршруту руху, але без прыцягнення запланаванай тэхнікі, — расказала нам прэс-сакратар Мінабароны Наталля Гаўрусік.
На вечар 30 красавіка ў Мінску запланавана трэніроўка роты ганаровай варты. У сувязі з гэтым рух усіх відаў транспарту па праспекце Машэрава ад вуліцы Даўмана да праспекта Пераможцаў зноў павінен быць абмежаваны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.