Мінабароны Украіны — пра чарговую дапамогу, якую атрымае ад Захаду
На "Рамштайн" у Германію прыехаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі
6 верасня на амерыканскай авіябазе ў Германіі прайшло 24-е пасяджэнне Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны ў фармаце "Рамштайн". Для ўдзелу ў ім прыехаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Саюзнікі паабяцалі новыя пастаўкі зброі, былі агучаныя канкрэтныя лічбы.
ЗША аб'явілі пра новы пакет дапамогі Украіне на 250 мільёнаў долараў. У яго ўвайшлі M2 Bradley і ракеты для HIMARS. Украінскае Мінабароны называе іх "крытычна важнымі". Іспанія адправіць батарэю зенітна-ракетнага комплексу HAWK, якая ўключае 6 пускавых установак. Вялікабрытанія перадасць Украіне 650 лёгкіх шматмэтавых ракет на суму 162 мільёны фунтаў. Нідэрланды адправяць Украіне ракеты класа паветра-паветра і дапаможныя матэрыялы для самалётаў F-16 на суму 80 мільёнаў еўра. Канада "ўзяла на сябе важную ролю ў навучанні ўкраінскіх пілотаў для палётаў на F-16" і выдзяляе для гэтага сродкі.
У Мінабароны Украіны адзначаюць, што важнай тэмай было абмеркаванне новых магчымасцяў для супольнага з саюзнікамі вырабу ўкраінскай зброі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.