Мінадукацыі паглядзела на чэргі па апастыль і скарэктавала планы
Чарга па апастыль
Чэргі па апастыль перад Дэпартаментам кантролю якасці адукацыі прывялі да таго, што Міністэрства адукацыі перагледзела свае планы. Раней меркавалася, што абавязковы папярэдні запіс запрацуе з 1 ліпеня. Але ў выніку яго ўвялі раней — з сённяшняга дня. Пра гэта піша рэсурс "Точка".
Напярэдадні журналісты выдання пабывалі перад будынкам дэпартамента і пабачылі дзве чаргі. У адной (неафіцыйнай), як і раней, людзей на падачу запісвалі ў сшытак, у другой стаялі тыя, хто спадзяваўся атрымаць афіцыйны "талон" з указаннем даты. Талоны, як высветлілі чаргавікі, выдаюць з разліку прыкладна 80-90 чалавек на падачу ў адзін дзень. Тых, хто ішоў следам, запісвалі ўжо на наступныя даты. У выніку, да сярэдзіны першага дня выдачы талонаў, падачу дакументаў прызначалі ўжо на 26 чэрвеня. Іншагароднім у гэтым выпадку даводзіцца альбо чакаць дату падачы ў сваякоў, здымаць хостелы альбо вяртацца дадому, каб пазней прыехаць зноў.
Адна з дзяўчат расказала парталу, што прыехала з Гродна, але праз чэргі вымушаная начаваць у хостэле. За суткі плаціць Br30. "Сваякі запісалі мяне [у сшытак. – Tochka.by] на падачу яшчэ на мінулым тыдні. І я была аптымістычна настроеная, думала, што прымуць хутка. Спадзявалася, што падамся ў панядзелак, але не выпала", — прызналася дзяўчына.
Мінадукацыі абяцае, што будзе афармляць дакументы за дзень — раніцай здалі, увечары забралі. Але суразмоўцы партала адзначылі, што атэстаты, пададзеныя юрасобамі, спецыялісты дэпартамента могуць разглядаць да 15 дзён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.