Мінчанін выкінуў ката з акна і сказаў, што гэта яго асабістая справа
Мінчанін выкінуў ката з акна кватэры на чацвёртым паверсе і патлумачыў, што гэта яго “асабістая справа”. Жывёла выжыла, але атрымала даволі сур’ёзныя траўмы. Цяпер катом апекуюцца неабыякавыя людзі, якія яго падабралі і адвезлі да ветэрынара, а на гаспадара выклікалі міліцыю.
Здарэнне адбылося ў Серабранцы, у доме па вуліцы Пляханава, піша TUT.by. Гаспадар жывёлы, 60-гадовы мужчына, які любіць выпіць, сказаў міліцыянтам, што кот крычэў і гадзіў у ложак, таму ён выкінуў яго з акна. Цяпер на мужчыну могуць завесці крымінальную справу за жорсткае абыходжанне з жывёламі.
У ката значныя траўмы: пашкоджанае лёгкае, трэснула цвёрдае нёба, магчымы ўдар спіннага мозгу. Цяпер неабыякавыя людзі сочаць за станам здароўя ката і шукаюць грошы на яго рэабілітацыю. У сацыяльнай сетцы Вконтакте створаная асобная група, дзе ёсць уся інфармацыя пра гэты інцыдэнт і рэквізіты для аказання фінансавай дапамогі.