Мінчанку асудзілі на 25 сутак, хаця яна заявіла ў судзе пра сваю цяжарнасць
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 16 лістапада разглядалі справу мінчанкі Вікторыі. У нядзелю яе разам з маці затрымалі на "Плошчы Перамен".
Дзяўчына, як піша TUT.by, заявіла, што яны не ўдзельнічалі ў мітынгу, а ішлі з шопінгу, і не супраціўляліся міліцыі — у адрозненне ад напісанага ў пратаколе. Таксама Вікторыя паведаміла суду, што напярэдадні зрабіла тэст на цяжарнасць і ён быў станоўчы. Закон забараняе прызначаць цяжарным арышт.
Суддзя Андрэй Млечка спытаўся, ці ёсць у Вікторыі даведка з медустановы, якая пацвярджае яе цяжарнасць. Дзяўчына сказала, што планавала запісацца да лекара ў панядзелак, але не паспела — яе затрымалі. Пасля гэтага суддзя прызначыў ёй адміністрацыйны арышт на 25 сутак.
Выклікаць на працэс маці дзяўчыны суддзя адмовіўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.