Мінчук падбухторваў расіян даць хабар чыноўнікам Мінгарвыканкама
Мужчыну затрымалі з часткай хабару ў 50 тысяч долараў.
Як паведамляе БЕЛТА, адна з расійскіх камерцыйных структур хацела ўкласці грошы ў рэканструкцыю аб'ектаў нерухомасці ў Ленінскім раёне сталіцы. Будынкі знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці.
48-гадовы непрацуючы мінчук пераканаў прадстаўніка фірмы, што выбраць менавіта іх кампанію ў якасці інвестара, а таксама заключыць дамову аб продажы гэтых аб'ектаў можна толькі праз хабар. Даць яго меркавалася службовым асобам Мінскага гарадскога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці і Мінгарвыканкама. Сваю кандыдатуру зламыснік прапанаваў у якасці пасярэдніка пры перадачы грошай.
Мужчыну затрымалі міліцыянты пасля атрымання часткі хабару ў 50 тысяч долараў. На яго пачалі крымінальную справу за падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры. Самога зламысніка ўзялі пад варту.
Фота — ria.ru