Мінінфармацыі спыніла выхад праграмы "ЕўраZOOM" на хвалях "Аўтарадыё"

Сумесная інфармацыйна-забаўляльная праграма Еўрарадыё і "Аўтарадыё" перастала выходзіць у эфіры FM-радыёстанцыі "Аўтарадыё". Прычынай гэтага стала папярэджанне Міністэрства інфармацыі
Мінінфармацыі 30 верасня вынесла пісьмовае папярэджанне FM-радыёстанцыі "Аўтарадыё" (105.1) за "невыкананне творчай канцэпцыі вяшчання". Напярэдадні чыноўнікі папрасілі "для маніторынга" аўдыёфайлы з запісам якраз праграмы "ЕўраZOOM".

"ЕўраZOOM" — гэта сумесны праект Еўрарадыё і "Аўтарадыё", пабудаваны на еўрапейскіх паралелях і які робіцца пры падтрымцы Еўракамісіі ў рамках новай палітыкі Еўрасаюза і Беларусі. З 1 верасня праграма выходзіла ў эфір штодзённа. Гадзінная праграма, якая складаецца з навінаў, рэпартажаў, музыкі, з'яўляецца якасным прадуктам, які станоўча ацанілі слухачы "Аўтарадыё".

У папярэджанні Мінінфармацыі прадпісала "Аўтарадыё" да 1 кастрычніка "зрабіць захады па выкананні заяўленай творчай канцэпцыі" і нагадала пра магчымасць анулявання ліцэнзіі. У Мінінфармацыі быў накіраваны ліст з просьбай канкрэтызаваць сутнасць прэтэнзій (паводле той самай "творчай канцэпцыі вяшчання", "Аўтарадыё" можа вырабляць як забаўляльныя, так і інфармацыйныя праграмы). Да яго была прыкладзеная копія ліста кіраўніка прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Мінску Жана-Эрыка Хольцапфеля аб падтрымцы праграмы "ЕўраZOOM" выканаўчым органам ЕС. Асобны ліст быў дасланы міністру інфармацыі Ўладзіміру Русакевічу з просьбай узгадніць трансляцыю праграмы на частотах "Аўтарадыё".

Як адзначае гендырэктар "Аўтарадыё" Юрый Базан, каб не рызыкаваць усім праектам, да атрымання ліста з Мінінфармацыі, было вырашана спыніць выхад нашай праграмы.

Еўрарадыё будзе паведамляць пра развіццё сітуацыі. Праграма "ЕўраZOOM" працягвае выходзіць на хвалях Еўрарадыё. Слухайце яе ў эфіры з панядзелка да пятніцы ў 19.00 і 00.00 альбо на нашым сайце euroradio.fm



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі