Міністэрства аховы здароўя сцвярджае, што праблем з лекамі ў Беларусі не будзе
Аптэка / "Камерсант"
Міністэрства аховы здароўя пераконвае, што праблем з дастаўкамі лекаў у Беларусі няма.
Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Піневіч паведаміў 12 сакавіка, што з замежнымі пастаўшчыкамі прагавораныя ўсе кантракты, ніхто ад паставак не адмовіўся. Праўда, праблемы могуць узнікаць "з лагістыкі аплаты і дастаўкі", прызнаў ён.
"Але ў нас ёсць добрыя запасы прадукцыі на складах, рэшткаў хопіць на 3-6 месяцаў мінімум. Збояў у плане медыкаментаў у нас не будзе. Больш за тое, наша прамысловасць выпускае больш за 50% айчынных прэпаратаў, а гэта дазваляе мець падушку бяспекі, якая і з'яўляецца індыкатарам нацыянальнай бяспекі", — паведаміў Піневіч.
Напярэдадні міністэрства аховы здароўя выказвалася і пра тыя лекі, якія пастаўляліся з Украіны: цяпер вядзецца праца па закупцы аналагаў у вытворцаў з іншых краін. Фактычна ўкраінскіх лекаў у агляднай будучыні ў Беларусі не будзе. Наколькі хутка прыйдуць аналагі і якія будуць кошты — пакуль адкрытыя пытанні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.