Міністр абароны Вялікабрытаніі хоча даць Украіне DragonFire — лазерную зброю
Лазер можа трапіць у манету з адлегласці ў кіламетр
Міністр абароны Вялікабрытаніі Грант Шапс хоча даць Украіне DragonFire — лазерную зброю. Каб выкарыстоўваць яе для знішчэння расійскіх дронаў, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Шапс мяркуе, што новая брытанская лазерная зброя можа сур'ёзна паўплываць на ход вайны ва Украіне. Вядома, што яна валодае высокай магутнасцю, дакладнасцю і нізкім сабекоштам паражэння аб'ектаў.
Пра тое, што Вялікабрытанія ўпершыню паспяхова правяла выпрабаванні лазернай зброі, стала вядома ў студзені 2024-га. Эксперты назвалі яе недарагой альтэрнатывай ракетам у сістэме супрацьпаветранай абароны. Грант Шапс тады заявіў, што новая зброя дазволіць знізіць залежнасць ад дарагіх боепрыпасаў. Планавалася, што DragonFire пачне паступаць на ўзбраенне арміі і флоту да 2027 года. Цяпер жа міністр абароны кажа, што хоча паскорыць вытворчасць і зрабіць яе даступнай раней. Лазеры яшчэ не апрабаваныя ў баі.
Паводле звестак Мінабароны Вялікабрытаніі, гэтая зброя настолькі дакладная, што здольная трапіць у манету з адлегласці ў кіламетр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.