Міністр адукацыі Арменіі: Я — за легалайз і супраць выбарчых участкаў у школах
Школы павінны быць цалкам дэпалітызаваныя. Для гэтага неабходна перастаць выкарыстоўваць іх памяшканні для размяшчэння выбарчых участкаў, а настаўнікаў — не прыцягваць для працы ў выбарчых камісіях. Прычына – удзел работнікаў адукацыі ў фальсіфікацыі выбараў. Пра гэта заявіў міністр адукацыі і навукі Арменіі Араік Аруцюнян.
“Адным з галоўных нашых прыярытэтаў з’яўляецца дэпалітызацыя школы. Большасць дырэктараў школ і рэктараў універсітэтаў прадстаўлялі кіруючую партыю, і гэта давала папярэдняму ўраду магчымасць злоўжыываць гэтымі рэсурсамі, забяспечваць сябе галасамі падчас выбараў. Я неаднаразова браў удзел у выбарах у якасці назіральніка. І кожны раз у мяне быў вялікі стрэс пасля таго, як я заўважаў, як некаторыя настаўнікі, задзейнічаныя ў арганізацыі выбараў, фальсіфікавалі выбары ці заплюшчвалі вочы на фальсіфікацыі. Хай сабе і не па ўласнай ініцыятыве, а пад пагрозай страціць працу, але… А на наступны дзень пасля выбараў ішлі ў класы і працавалі з вучнямі, “выхоўвалі” новае пакаленне Арменіі”, — кажа Аруцюнян.
Праўда, кажа міністр, улады Арменіі нечакана сутыкнуліся з тым, што няма дастатковай колькасці адміністрацыйных будынкаў, прыдатных для размяшчэння выбарчых участкаў. А на тое, каб арэндаваць памяшканні ў прыватных уладальнікаў, у дзяржавы пакуль няма грошай. Але пытанне гэта абавязкова будзе вырашанае да бліжэйшых выбараў, якія пройдуць у Арменіі наступнай вясной.
Другая праблема, з якой сутыкнуўся на сваёй пасадзе новы міністр адукацыі Арменіі, — паборы ў школах: з бацькоў збіраюць грошы на рамонт класаў, набыццё абсталявання альбо школьнай мэблі ды іншыя патрэбы вучняў.
“Першае, што я зрабіў, калі атрымаў інфармацыю, што ў адной са шокл збіраюць грошы пры ўдзеле дырэктара, — узяў тэлефон, пайшоў туды, уключыў лайф і паказаў увесь гэты працэс нашаму народу. І зараз гэтыя паборы засталіся ў мінулым, зараз іх практычна няма. Бо і паліцыя, і іншыя службы актыўна над гэтым працуюць”, — канстатуе ён.
Па словах міністра, грошы з бацькоў дырэктары школ і дзіцячых садкоў збіралі не таму, што выдаткаваных дзяржавай сродкаў неставала на ўсе патрэбы, а таму што яны тыя сродкі неэфектыўна выкарыстоўвалі.
“Зараз усё зменіцца. Будуць лічыць кожную капейку, а не разлічваць на бацькоў дзяцей”, — упэўнены Аруцюнян.
Плануе чыноўнік спыніць закрыццё невялікіх вясковых школ з малой колькасцю вучняў. Наўзамен прапануецца пабудаваць у кожнай вёсцы навучальна-выхаваўчыя культурныя цэнтры. Яны аб’яднаюць пад адным дахам і школу, і дзіцячы садок, і цэнтр адпачынку для дарослых. Недахоп настаўнікаў плануецца замяніць дыстанцыйным навучанне, кажа Аруцюнян.
На заканчэнне сустрэчы журналісты нагадваюць міністру яго допіс у Фэйсбуку, дзе той выказваецца за легалізацыю марыхуаны. Аруцюнян адказвае, што і сёння пратрымліваецца такой жа думкі.
"На самой справе шкоды ад марыхуаны няма — алкаголь альбо цыгарэты найбольш шкодныя”, — лічыць міністр. Праўда, удакладняе, што сёння перад Арменіяй стаіць шмат больш важных за легалізацыю марыхуаны задач. Але абяцае, што і да гэтага пытання яны вернуцца гадоў праз 5-10.