Мінкульт: Загаду аб прызначэнні Пінігіна галоўным рэжысёрам яшчэ няма

Мікалай Пінігін прыязджае ў Беларусь 12 студзеня. Да гэтага часу пытанне пра тое, хто стане мастацкім кіраўніком Купалаўскага тэатру, застанецца нявырашаным.
Загаду аб прызначэнні Мікалая Пінігіна ў Міністэрстве культуры яшчэ няма. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў памочнік міністра культуры Сяргей Мухін.

Сяргей Мухін: Ніякіх дакументаў у Міністэрстве культуры па ўзгадненні Пінігіна на пасаду няма. Ніякіх размоў наконт прызначэння Пінігіна няма, ніякага ні загаду, нічога гэтага няма.

Сам Пінігін паведаміў Еўрарадыё, што збіраецца хутка прыехаць на Беларусь. Але ці зойме ён пасаду галоўнага рэжысёра Купалаўскага, пакуль застаецца невядомым.

Мікалай Пінігін: Збіраюся прыехаць дванаццатага студзеня.
ЕРБ: А калі ў вас будзе сустрэча ў Міністэрстве культуры аб падпісанні кантракту?
Мікалай Пінігін: Нічога не ведаю, нічога не ведаю! 

У прэсе прайшла інфармацыя пра тое, што трыццаць першага снежня міністр культуры Уладзімір Мацвяйчук прадставіў кіраўніцтву тэатра Пінігіна як будучага мастацкага кіраўніка. Аднак дырэктар тэатра Мікалай Кірычэнка гэта адмаўляе.

Мікалай Кірычэнка: Не было такога прадстаўлення. Была размова міністра з кіраўніцтвам тэатра пра магчымы прыход Пінігіна на пасаду мастацкага кіраўніка. Але ніхто нікога не прадстаўляў.
ЕРБ: Але пакуль што гэта застаецца невядомым?
Мікалай Кірычэнка: Не, напэўна, будзе. Я вельмі люблю рэжысёра Мікалая Пінігіна. У нас з ім звязаная, можа быць, адны з маіх самых цікавых прац. Я як акцёр з ім працаваў шмат, і лічу, што гэта адзін з цікавейшых рэжысёраў, і ён проста вяртаецца ў свой дом. Таму што менавіта тут, на Купалаўскай сцэне ён і ўзнік як рэжысёр, і нарадзіўся ў садружнасці з купалаўскай трупай.
ЕРБ: Справіцца ён са сваёй новай пасадай?
Мікалай Кірычэнка: Я спадзяюся, што гэта адбудзецца, і вельмі добра, бо ён, безумоўна, таленавіты, і цікавая асоба, і творчая, і працаздольная. Таму, калі гэта адбудзецца, то значыць, усё будзе добра.

Загадчык літаратурнай часткі “купалаўцаў”  Вадзім Дапкюнас не сумняецца ў прызначэнні Пінігіна.

Вадзім Дапкюнас: Канешне, будзе! Не чуткі! Ужо ёсць яго згода, што ён будзе мастацкім кіраўніком тэатра.
ЕРБ: А калі?
Вадзім Дапкюнас: Ну вось, ужо на наступным тыдні.
ЕРБ: Падыходзіць ён на гэту ролю?
Вадзім Дапкюнас: Безумоўна! Ну імя, якое вядомае не толькі тэатральным колам, а ўсёй творчай інтэлігенцыі! Ведаеце што, ёсць асобы, якія, нягледзячы на пасаду, на званне, ужо вызначаюць напрамак тэатральнай дзейнасці, яны вызначаюць тэатральную палітыку, яны вызначаюць школу тэатральную. Мікалай Мікалаевіч адносіцца да гэтага пераліку творцаў. Так што жывем спадзяваннямі. Ну а час пакажа, і тут ўжо нядоўга трэба чакаць. Валеры Раеўскі напісаў заяву аб складанні сваіх паўнамоцтваў мастацкага кіраўніка і адначасова заяву на перавод яго на пасаду рэжысёра-пастаноўшчыка тэатра. Пакуль – дзень-два! – усё павінна вырашыцца. Я думаю, усё станоўча вырашыцца.

Мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Раеўскі упэўнена сцвярджае, што на пасадзе мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра яго заменіць Мікалай Пінігін.

Валеры Раеўскі: Гэта будзе Мікалай Пінігін. Пакуль гэта чуткі, але чуткі пацверджаныя ўжо апошнім часам. Кіраваць ён зможа, вопыт ён назапасіў, у яго ёсць што сказаць, так што ён яшчэ не спісаўся. Як кажуць, будзем чакаць.

Сам Раеўскі кажа, што на сваёй былой пасадзе галоўнага рэжысёра “купалаўцаў” бачыць толькі Пінігіна.


Фота — "Рэспубліка"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі