Мінздароўя пра Эболу: Мераем тэмпературу студэнтам з Нігерыі 3 разы ў дзень

“Нам Мінадукацыі дало спісы студэнтаў з Нігерыі, якія ў нас навучаюцца. За імі ўсталёўваецца назіранне цягам 21 дня. У выпадку з’яўлення сімптомаў рэспіраторнага захворвання, то пацыенты шпіталізуюцца. У нас такіх было выяўлена 7, ні ў каго захворвання не пацвердзілася”, — апісваюць Еўрарадыё меры бяспекі супраць ліхаманкі Эбола ў міністэрстве аховы здароўя. Інкубацыйны перыяд захворвання — да 21 дня.

Таксама тут правялі вучэнні для лекараў і кансультацыі для памежнікаў. У ведамстве запэўніваюць, што ў каранціне для замежнікаў з Афрыкі няма сэнсу:

“Нам тэлефануюць і пытаюць, чаму мы студэнтаў на каранцін не саджаем. Чалавек становіцца заразным толькі тады, калі ў яго сімптомы праяўляюцца, таму няма сэнсу трымаць чалавека 21 дзень на каранціне. За імі назіраюць 2-3 разы на дзень”.

Рызыка завозу ліхаманкі ў Беларусь невялікая, дадаюць чыноўнікі. Бо няма прамога авіязлучэння з Афрыкай.

Але з Нацыянальнага аэрапорту са жніўня ўжо чацвярых чалавек адправілі ў лякарню з падазрэннем на ліхаманку. Захворванне не пацвердзілася.

“На мінулым дзяжурстве я адправіў дваіх чалавек у інфекцыйную лякарню. Мы тут кожнаму мераем тэмпературу, глядзім слізістыя. Калі прыкмет няма, яны вольныя. У жніўні ў інфекцыйную лякарню адправілі дваіх чалавек і цяпер дваіх”, — падлічваюць у здраўпункце аэрапорта.

Спачатку прыляцеўшых з Афрыкі правяраюць на тэмпературу, калі яна павышаная — праводзяць больш пільны агляд.

Памежнікі прыязджаючых у Беларусь апытваюць, а таксама глядзяць, у якіх краінах пабываў чалавек. Калі падобны да хворага, выклікаюць медыкаў.

“Улічваем рэйсы, улічваем, у якіх краінах бываў чалавек. Калі чалавеку дрэнна — гэта бачна візуальна. З улікам абстаноўкі больш інтэнсіўна працуюць медыкі”, — кажа прэс-сакратар памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.

Ад ліхаманкі Эбола памерла ўжо 2 тысячы чалавек, найбольш вірус паразіў афрыканскія краіны: Гвінея, Ліберыя і Сьера-Леоне. У Еўропе ўжо ёсць адзінкавыя выпадкі захворвання на ліхаманку. У Расіі мясцовыя СМІ паведамляюць пра двух студэнтаў у Арлоўскай вобласці, якія шпіталізаваныя з падазрэннем на Эболу.

Фота: aprpress.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі