У Беларусі падазравалі на наяўнасць віруса Эболы 6 студэнтаў з Нігерыі
Першых шпіталізавалі яшчэ ў траўні, апошніх — у кастрычніку.
Аднак перасцярогі лекараў не пацвердзіліся. Пра гэта паведаміў намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны лекар Ігар Гаеўскі. "У нашым аэрапорце ["Нацыянальным аэрапорце "Мінск"] выяўлена пяць такіх грамадзян, у Віцебску — адзін. Гэта былі студэнты з Нігерыі", — цытуе словы Гаеўскага РІА "Новости".
Выяўлялі студэнтаў з павышанай тэмпературай з дапамогай спецыяльнага абсталявання, якое ёсць у аэрапорце. Іх ізалявалі і шпіталізавалі "ў спецыялізаваную медыцынскую арганізацыю". Аднак вынікі ўсіх аналізаў былі адмоўнымі. Нагадаем, як паведамляла Еўрарадыё, двое студэнтаў з Нігерыі яшчэ знаходзяцца ў Мінскай інфекцыйнай бальніцы.
Паводле слоў Ігара Гаеўскага, нягледзячы на малую верагоднасць патраплення ў нашу краіну ліхаманкі Эбола, у Беларусі праводзяцца трэнінгі па барацьбе з вірусам.
Нагадаем, ад ліхаманкі Эбола ва ўсім свеце памерлі ўжо 4000 чалавек, больш за 8 тысяч заражаныя. Найбольш людзей пацярпела ў Заходняй Афрыцы. Вірус Эбола ўжо патрапіў у Еўропу і ЗША, ёсць загінулыя. Эксперыментальную вакцыну распрацавалі ў Злучаных Штатах, яе выпрабаванні адбываюцца ў Малі. Ліхаманка перадаецца з біялагічнымі вадкасцямі. Навукоўцы падазраюць, што перадача адбываецца і праз дотык.
Для ліхаманкі Эбола характэрныя рэзкае павышэнне тэмпературы цела, агульная слабасць арганізма, мышачны і галаўны боль, боль у горле. Нярэдка такі стан суправаджаецца ванітамі, дыярэяй, парушэннем функцый печані, нырак, часам ўнутранымі і/або знешнімі крывацёкамі. Каэфіцыент смяротнасці ад ліхаманкі даходзіць да 90%.
Фота: Reuters