Місію на Запарожскую АЭС можа ачоліць гендырэктар МАГАТЭ
На Запарожскай атамнай станцыі / AFP
Генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі гатовы ачоліць дэлегацыю агенцтва на Запарожскую АЭС. Пра гэта ён паведаміў кіраўніку МЗС Украіне Дзмітрыю Кулебу, а ўкраінскі міністр расказаў пра гэта ў Twitter. Кулеба таксама адзначыў, што ў размове з Гросі "падкрэсліў неадкладнасць місіі для ліквідацыі пагрозаў ядзернай бяспекі, выкліканых баявымі дзеяннямі Расіі".
У Кіеве асцерагаюцца, што Расія, якая кантралюе станцыю, можа справакаваць радыяцыйную аварыю. У Маскве кажуць, што станцыю абстрэльваюць УСУ, украінскі ж бок настойвае, што абстрэлы ладзяць самі расіяне.
Пры гэтым у расійскім МЗС мяркуюць, што дэлегацыя МАГАТЭ не можа наведаць аб'ект, пакуль украінскі бок не спыніць абстрэлы станцыі. Гэта, у прыватнасці, заявіў намеснік гендырэктара Дэпартамента па пытаннях нераспаўсюджвання і кантролю над узбраеннямі МЗС РФ Ігар Вішнявецкі. "Не можа туды прыехаць дэлегацыя, пакуль адтуль вядуцца абстрэлы, гэта небяспечна", — цытуе чыноўніка РІА Новости. Раней Вішнявецкі казаў, што дэлегацыя МАГАТЭ можа заехаць на станцыю толькі з расійскага боку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.