Запарожскую АЭС абстрэльваюць расіяне? 173-я раніца вайны ва Украіне
Расіяне кантралююць Запарожскую АЭС з сакавіка 2022 года / @s/energadartoday
Прыярытэтным напрамкам для Масквы з'яўляецца Бахмуцкае і, верагодна, кірунак Северска, мяркуюць у Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны. У раёне Ізюма і Славянска на Данбасе ваююць у асноўным добраахвотніцкія батальёны — гэта значыць, што "гэты раён не знаходзіцца ў цэнтры ўвагі Расіі і можа быць уразлівы для ўкраінскіх контратак". Аналітыкі Інстытута таксама лічаць, што "вялікая колькасць сіл у Херсонскай вобласці і вакол яе можа стварыць сур'ёзныя праблемы для расійскага камандавання і кантролю, асабліва калі ўкраінскія сілы пяройдуць у контрнаступленне там". У свежай справаздачы эксперты Інтытута аналізуюць, якімі сіламі і на якіх кірунках Расія ваюе ва Украіне.
Кірункаў — шэсць. Яны арыентаваны на Харкаў і паўночна-ўсходнюю Харкаўскую вобласць; ўздоўж лініі Ізюм-Славянск; раён Северск-Лісічанск; Бахмут; раён Аўдзееўка-Данецк; поўдзень Украіны.
У Генштабе УСУ раніцай у панядзелак паведамлялі, што расіяне зноў спрабавалі наступаць на Бахмут і Аўдзееўку. На Бахмуцкім кірунку праціўнік "актывізаваў разведку пярэдняга краю нашай абароны", нанёс авіяўдары ў раёне Салядара і вёў наступальныя баі ў тым жа кірунку, але поспеху не меў. На Аўдзееўскім кірунку расійскія войскі вялі баі ў напрамку Пескі і Першамайскага, поспеху не мелі і адышлі. Баі за Пескі працягваюцца.
Большасць расійскага ваеннага камандавання выехалі з Херсона. Пра гэта заявіў у эфіры ўкраінскага інфармацыйнага тэлемарафона першы намеснік старшыні Херсонскага абласнога савета Юрый Сабалеўскі. Гэта адбылося пасля таго, як артылерыя УСУ знішчыла ўсе маставыя пераправы праз Днепр.
"Мабыць гэта і стала асноўнай прычынай таго, што расійскае вайсковае камандаванне сапраўды пакінула Херсон. Большасць з іх ужо выехалі з Херсона, менавіта пра гэта ёсць звесткі", — цытуе Сабалеўскага УНІАН. Антонаўскі мост расіяне спрабуюць адрамантаваць, але пакуль выкарыстоўваць без рызыкі яго складана. "Ён зачынены для людзей, яны не падпускаюць грамадзянскіх да гэтага моста сёння. Там ужо вялікая колькасць пашкоджанняў і пасля кожнага чарговага ўдару УСУ па ім гэта ўсё назапашваецца", — падкрэсліў прадстаўнік аблсавета. Ён лічыць, што ў ваенным плане гэты мост расяіне ўжо выкарыстоўваць не змогуць.
У сетцы з'явіліся фота наступстваў удару па штабу расійскай прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнера", які знаходзіўся ў горадзе Папасная Луганскай вобласці. На днях штаб наведаў адзін з расійскіх журналістаў і выклаў фота ў Telegram. Расійскія крыніцы мяркуюць, што білі HIMARS.
Пад акупаваным Мелітопалем украінскія партызаны пашкодзілі чыгуначны мост. Пра гэта распавёў мэр горада Іван Фёдараў. Па яго словах, гэта закрывае шлях для расійскіх вайсковых эшалонаў з Крыма. Аднавіць мост у расіян пакуль не атрымліваецца. Адначасова новыя улады пачалі ў горадзе і ваколіцах масавыя фільтрацыйныя мерапрыемствы, але партызан пакуль не знайшлі.
Расіяне на Запарожскай АЭС заўсёды ведаюць, калі будуць абстрэлы і самі ж іх каардынуюць. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю ВВС інжынер станцыі.
"Так, яны заўсёды ведаюць, калі будзе абстрэл. Яны заўсёды першымі эвакуявацца з промплощадки, калі становіцца горача", — сцвярджае ён. І дадае, што "менавіта прадстаўнікі "Расатама" кажуць сваім вайскоўцам, куды страляць... Яны ж на працягу двух-трох месяцаў хадзілі "з экскурсіямі" дзеля "абмену вопытам". На самай справе яны вывучалі нашу структуру, нашу станцыю, каб перавесці яе на свае законы".
Расіяне кантралююць Запарожскую АЭС з пачатку сакавіка. Станцыя працягвае працаваць. У жніўні пачаліся абстрэлы ЗАЭС, і расіяне абвінавачваюць у іх УСУ.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў працуе над новымі санкцыямі супраць Расіі і над тым, каб "прастымуляваць" грамадзян гэтай краіны ўзяць на сябе частку адказнасці за тое, што адбываецца. Пра гэта ён казаў у вячэрнім відэазвароце 14 жніўня. Гаворка ідзе ў тым ліку аб візавых санкцыях для грамадзян РФ
"Калі ў вас грамадзянства Расіі і вы маўчыце, значыць, вы не змагаецеся, а значыць, гэтым вы падтрымліваеце. І дзе б вы ні знаходзіліся, ці на тэрыторыі Расіі ці за мяжой, ваш голас павінен гучаць у падтрымку Украіны, а значыць, супраць гэтай вайны", — сказаў Зяленскі.
Кіеў заклікае краіны ЕС і G7 спыніць выдачу віз расіянам. На днях журналіст "Радыё Свабода" Рыкард Ёзвяк пісаў, што міністры краін ЕС могуць абмеркаваць гэтае пытанне ў канцы жніўня. Шэраг краін Усходняй Еўропы падтрымліваюць ідэю. Супраць выступае Германія — канцлер Германіі Олаф Шольц, у прыватнасці, заявіў, што "гэта вайна Пуціна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.