Міжнародны валютны фонд заклікае Беларусь паскорыць правядзенне рэформаў

Міжнародны валютны фонд заклікае Беларусь паскорыць правядзенне рэформаў

Міжнародны валютны фонд заклікае Беларусь паскорыць правядзенне рэформаў. У чацвер на IV Кастрычніцкім эканамічным форуме ў Мінску пра гэта заявіў старшы рэгіянальны пастаянны прадстаўнік МВФ у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Баc Бакер. Паводле яго слоў, адкладванне рэформаў у нашай краіне створыць больш праблем, чым іх правядзенне.

Бакер адзначыў, што "мэта рэформаў — стварэнне устойлівай, эфектыўнай эканомікі". Ён прызнае, што рэформы могуць быць балючымі, "але іх адсутнасць прывядзе да яшчэ большых выдаткаў".

Прадстаўнік МВФ нагадаў, што ў 2000-я гады эканамічны рост у Беларусі забяспечваўся за кошт высокага ўзроўню дзяржаўных інвестыцый. Але гэта прывяло да ўзнікнення дэфіцыту бягучага рахунку плацежнага балансу і наступнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Бакер гаварыў пра тое, што ў апошнія гады "ўладам удалося стабілізаваць курс нацыянальнай валюты і знізіць інфляцыю", аднак Беларусь "знаходзіцца ў рэцэсіі".

Каб аднавіць эканамічны рост, Беларусі патрэбныя рэформы, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці эканомікі. Раней наша краіна атрымлівала энергетычныя субсідыі, цяпер эканамічны рост павінен грунтавацца на павышэнні прадукцыйнасці працы, адзначыў прадстаўнік МВФ.

Бакер лічыць, што Беларусь бедная не таму, што ў яе няма рэсурсаў, а з-за таго, што іх нерацыянальна выкарыстоўваюць, інфармуе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі