“Моцна і смела!”: галоўнае з інтэрв’ю Віктара Бабарыкі, якое здзівіла байнэт

“Моцна і смела!”: галоўнае з інтэрв’ю Віктара Бабарыкі, якое здзівіла байнэт

“Салідарнасць” апублікавала інтэрв’ю з кіраўніком “Белгазпромбанка” Віктарам Бабарыкам. У байнэце выказванні вядомага банкіра назвалі моцнымі і смелымі. Для чалавека, які займаецца буйным бізнесам у Беларусі, гэта сапраўды так.

”Дзякуй, Віктар! Вы агучылі тое, пра што многія маўчаць!” — пішуць у каментарыях.

Інтэрв’ю атрымалася даволі доўгае. Еўрарадыё выбрала з яго самыя цікавыя цытаты — для тых, у каго няма часу чытаць увесь тэкст.

 

Пра беларускі “эканамічны цуд”:

"Дзяржава імкнецца захаваць тое, што ў нас было. Захаваць — гэта значыць застой. А гэта смерць для эканомікі".

"Эканоміка будучыні — гэта эканоміка персон і кампаній, а не дзяржавы".

"На жаль, мэта — чарка, шкварка і больш нічога — яна засталася нязменнай. Пойдзем мы хутчэй да яе, павольней, спынімся, і нас там пагрэюць ля вогнішча — гэта мэта да нізкага запыту, якая вядзе, груба кажучы, у топку — у нікуды".

 

Пра абыякавасць беларусаў:

"У нас ніхто не хоча нічога рабіць. Гэта не проста страх. Нам забараняюць, таму што нас караюць. На любым узроўні ў нас ёсць толькі адзін, хто мае права казаць, што рабіць".

"Беларусь — гэта краіна вывучанай бездапаможнасці. Што гэта значыць? Гэты тэрмін з'явіўся ў канцы XX стагоддзя ў псіхалогіі асобы. Калі ў чалавека нешта не атрымалася, і яму пра гэта нагадваюць кожны раз, даюць па галаве і кажуць: “А памятаеш, у цябе не атрымалася?” У яго выпрацоўваецца комплекс".

"Ніколі, нават у рабаўладальніцкім ладзе, пакаранне, страх не з'яўляліся матыватарамі. Калі я цябе пакараю, калі ты зробіш дрэнна, я не буду рабіць нічога. Гэта гісторыя пра нас".

 

Пра змены ў грамадстве:

"Каб пабудаваць сістэму, якая вучыць бездапаможнасці, хапае аднаго пакалення. Павінны нарадзіцца свабодныя людзі, якія ведаюць, што іх не б'юць за тое, што яны робяць і кажуць. Чалавек павінен мець права на ўласнае меркаванне і на памылку".

"Вывучаная бездапаможнасць так і плодзіцца. Мы не ведаем, што нам будзе, але некалі нехта распавядаў, што Сталін у 37-м..."

***

“А ўвогуле я аптыміст!” — пад спасылкай на інтэрв’ю напісаў у "Фэйсбуку" сам Віктар Бабарыка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі