МУС прызнала выкарыстанне гумовых куляў, "але толькі ў паветра"
Пратэстоўцы пасля таго, як сілавікі пырснулі ў іх балончыкам 18 кастрычніка 2020 года / Еўрарадыё
МУС прызнала, што падчас Партызанскага маршу 18 кастрычніка ў Мінску сілавікі некалькі разоў стралялі гумовымі кулямі, але толькі ў паветра. Маўляў, гэта адбылося таму, што "агрэсіўна настроены натоўп" кідаўся ў іх камянямі.
Еўрарадыё мае выдатнае відэа, на якім сапраўды бачна, як невядомы сілавік страляе ў паветра з акна буса. Праўда, ніякія камяні ў яго ляцяць. І наогул нічога не ляціць.
Пра першыя стрэлы і хлапкі, падобныя да выбухаў светлашумавых гранатаў, паведамлялася ў раёне 16:19. На фота Onliner.by ў руках сілавікоў можна бачыць зброю і дым ад яе.
Акрамя таго відавочцы распавядаюць Еўрарадыё пра ўжыванне сілавікамі супраць пратэстуючых слезацечнага газу. Гэта адбылося падчас хапуна ў раёне Мотавела: невядомыя наляцелі на невялікую групку пратэстоўцаў, якая адстала ад аснаўнога натоўпу. Пахапалі хлопцаў, а ў твары жанчынам пырснулі слезацечным газам і хутка з’ехалі. Гэты факт пакуль МУС не каментавала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.