МВФ заклікае ўлады Беларусі "рэалізаваць смелую праграму рэформаў"

Міжнародны валютны фонд настойліва заклікае ўлады Беларусі "прыняць і рашуча рэалізаваць смелую праграму рэформаў". Пра гэта гаворыцца ў рэкамендацыях, агучаных выканаўчым саветам дырэктароў МВФ па выніках сакавіцкай місіі ў нашу краіну.

Адзначаецца, што глыбокія структурныя рэформы па-ранейшаму маюць прынцыповае значэнне для павышэння ролі рынку ў эканоміцы Беларусі, павелічэння прадукцыйнасці і канкурэнтаздольнасці і забеспячэння ўстойлівага росту. Паводле меркавання МВФ, праграма рэформаў павінна ўключаць лібералізацыю цэнаў, меры для вываду тарыфаў на паслугі прадпрыемстваў камунальнай гаспадаркі і транспарту на ўзровень поўнага пакрыцця затрат. Таксама мусяць быць зробленыя захады, скіраваныя на паэтапную адмену абавязковых мэтавых паказчыкаў для прадпрыемстваў, і прыватызацыю прадпрыемстваў і ў банкаўскім сектары.

Як інфармуе БелаПАН, эксперты прызналі нізкі ўзровень беднасці і няроўнасці даходаў у нашай краіне. Яны мяркуюць, што для абароны найболей уразлівых слаёў насельніцтва трэба ўзмацніць сістэмы сацыяльнай абароны, уключна з страхаваннем ад беспрацоўя.

Кіраўніцтва МВФ дало зразумець афіцыйнаму Мінску, што падтрымка рэсурсамі фонду будзе магчымая толькі ў тым выпадку, калі на самым выскоім узроўні ў Беларусі будзе "цвёрдая прыхільнасць" да "глыбокіх структурных рэформаў".

Дырэктары МВФ заклікалі да стрымлівання павышэння зарплаты ў 2015 годзе. Было адзначана, што гэта дапаможа абмежаваць попыт і замацаваць павышэнне канкурэнтаздольнасці ў выніку зніжэння курсу беларускага рубля.

Здымак з архіву.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі