Мёд, коні, рыбалка: што ўжо можна ў Палескім радыяцыйным запаведніку
Палескі запаведнік / wikimedia
У канцы мінулага года Аляксандр Лукашэнка асобным указам адкрыў Палескі радыяцыйны запаведнік для турыстаў. Ужо арганізавана некалькі маршрутаў для азнаямлення з беларускай зонай адчужэння. Беларуская дзяржава глядзіць на турыстычны бум ва ўкраінскай зоне і хоча сабе такі ж.
Але не турызмам адзіным. Каля ⅓ ад тэрыторыі запаведніка (~70 тысяч гектараў) займаюць эксперыментальныя гаспадаркі. Там разводзяць племянных коней, арганізуюць пчальнікі, вырошчваюць збожжавыя. У 2018 годзе заклалі яблыневы сад.
Частка атрыманай прадукцыі ідзе на продаж. Давайце паглядзім, як беларускія ўлады манетызуюць землі, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
(Ня)правільны мёд
За апошнія дзесяць гадоў пчалярства ў запаведніку моцна развілося. Сёння тут жывуць каля 250 пчаліных сем'яў, а пачыналася ўсё з пяці. Пасля таго як у 2017 годзе тут пабываў Аляксандр Лукашэнка, колькасць пчаліных сем'яў павялічылі ў тры разы па яго асабістым даручэнні.
Першы намеснік дырэктара Палескага радыяцыйнага запаведніка Генадзь Гапоненка запэўнівае Еўрарадыё, што мёд праходзіць усе неабходныя праверкі. Яго купляюць і супрацоўнікі запаведніка, і мясцовыя жыхары, і госці з блізкага замежжа:
"За гэты сезон пчолы прынеслі каля 5 тон мёду. Па радыенуклідах усё праходзіць. Гэта ўсё знаходзіцца ў эксперыментальна-гаспадарчай зоне. Пчальнікі знаходзяцца ў Брагінскім, Хойніцкім і Нараўлянскім раёнах, уласна, як і наш запаведнік. Усе пчальнікі абследуюцца ветэрынарамі, каб адпавядалі санітарным нормам".
Трохлітровы слоік мёду каштуе ўсяго 30 рублёў. Але атрыманы мёд не толькі прадаюць: яшчэ ім прэміруюць супрацоўнікаў, якіх у запаведніку больш за 700 чалавек. "Звычайна нічога не застаецца", — сціпла запэўнівае Генадзь Гапоненка.
(Не) толькі мы з канём
Каняферма ў Палескім радыяцыйным запаведніку з'явілася ў 1996 годзе, неўзабаве пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі, які настаяў на тым, каб там пачалі гадаваць коней.
"Тады закупілі 40 коней, большая частка якіх — рускія цяжкавозы. Цяпер у нас іх ужо 371, — расказвае вядучы заатэхнік фермы Алена Болдырава. — У 2006 годзе мы сталі племянной фермай. У 2018-м прадалі 50 галоў, сёлета планку павысілі. Толькі за мінулы месяц прадалі 22 жарабцы".
Па словах Алены Болдыравай, коней у асноўным купляюць фермерскія гаспадаркі і прыватныя асобы, у тым ліку для аграэкатурызму. Цана на такога скакуна пачынаецца ад тысячы долараў: "За мінулы год прадалі амаль паўсотні коней на 72 тысячы рублёў. У цяперашнім, каб павялічыць патомства, пакінулі больш кабыл. У планах на найбліжэйшы час — давесці колькасць да чатырох сотняў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.