МЗС Беларусі называе рэзалюцыю ПАСЕ "контрпрадуктыўнай"

"Контрпрадуктыўнай па сваёй сутнасці" назваў учорашнюю рэзалюцыю Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па Беларусі прэс-сакратар МЗС нашай краіны Андрэй Папоў.  Паводле яго словаў, рэзалюцыя "грунтуецца на скажоных звестках" і яна "не садзейнічае наладжванню рэальнага супрацоўніцтва і дыялогу", інфармуе "Інтэрфакс".

Нагадаем, учора Палітычная камісія Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы заклікала ўсе дзяржавы-сябры Савета, у прыватнасці Расію, хадайнічаць перад беларускімі ўладамі ў справе палітзняволеных. Гэта адбылося пасля прадстаўлення даклада кіпрскага парламентарыя Хрыстаса Пургурыдэса па праблеме злоўжыванняў у сістэме крымінальнага правасуддзя ў Беларусі.

Палітычная камісія ПАСЕ прапанавала сфармаваць рабочую групу з удзелам праваабаронцаў, у задачу якой будзе ўваходзіць аказанне дапамогі ахвярам парушэння правоў чалавека і іх сем'ям. Таксама яна мусіць выяўляць асобаў, якія вінаватыя ў парушэнях закону і рэпрэсіях.

ПАСЕ заклікала беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротную кару і адмяніць артыкул Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі