МЗС Беларусі выказаўся наконт знікнення ўкраінца Паўла Грыба
МЗС Беларусі выказаўся наконт знікнення ў нашай краіне 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба. 24 жніўня ён паехаў з Кіева ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай з Расіі. Расіянка сказала Еўрарадыё, што дзейнічала па інструкцыях ФСБ і хлопец цяпер знаходзіцца ў Расіі. Толькі ў чацвер Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі прызнаў, што Грыб перасякаў мяжу і да яго не было прэтэнзій.
31 жніўня на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык паведаміў, што на запыт пасольства Украіны з 29 жніўня сілавыя структуры (Генпракуратура, Следчы камітэт, МУС, КДБ, Дзяржаўны памежны камітэт) сабралі інфармацыю, якая абагульняецца і будзе перададзена ў Кіеў.
“Людзі, на жаль, знікаюць з самых розных прычынаў — і па ўласнай волі ці глупстве, і ў выніку зламысных дзеянняў трэціх сіл, — кажа Мірончык. — Калі за 19-гадовым маладым чалавекам не ўсачылі яго бацькі і ўлады ўласнай краіны, то гэта яшчэ не падстава валіць з хворай галавы на здаровую”. Прэс-сакратар пракаментаваў заяву намесніка міністра замежных спраў Украіны, што Беларусь паводзіць сябе са сваёй суседкай не па-партнёрску: “Дакладна не па-партнёрску праз суткі пасля афіцыйнай просьбы аб дапамозе вінаваціць у чым-небудзь краіну, якая без яе ведама была выбрана месцам ці рамантычнага спаткання, ці канспірацыйнай сустрэчы”.
Дзмітрый Мірончык распавёў, што пра непрымальнасць падобных выказванняў і бесперспектыўнасць пагрозаў было паведамлена дарадцу-пасланніку ўкраінскага пасольства ў Беларусі, якога выклікалі 31 жніўня ў МЗС нашай краіны.