На акцыі ў Дзень Волі падтрымаюць індывідуальных прадпрымальнікаў
Асноўнай тэмай сёлетняй акцыі на Дзень Волі будзе абарона незалежнасці. Разам з тым, як паведаміў у каментары Радыё "Свабода" старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, будуць прысутнічаць сацыяльна-эканамічныя лозунгі. У прыватнасці, у падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў.
Гэтыя тэмы абмяркоўвалі на чарговым пасяджэнні аргкамітэту па святкаванні Дня Волі, якое прайшло сёння ў Мінску.
Чальцы аргкамітэту дамовіліся, што ідэйнай асновай акцыі стане зварот прэзідэнта Рады БНР Івонкі Сурвілы з нагоды 25 Сакавіка. Рыхтуюцца лозунгі супраць расійскіх вайсковых базаў, за выхад з усіх утварэнняў, якія супярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі і дзе дамінуе Расія, кажа Янукевіч.
Заяўку на правядзенне мітынгу і шэсця 25 сакавіка арганізатары пададуць у Мінгарвыканкам у аўторак 16 лютага. Арганізатары хацелі б сабрацца каля Акадэміі навук і прайсці шэсцем да помніка Янку Купалу.