На Беларусь напалі кібершпіёны
Іх цікавілі навуковыя распрацоўкі ў сферы энергетыкі і абароны.
Барацьба з кібершпіянажам апынулася і ў цэнтры абмеркавання ў кіруючых колах НАТО, піша журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабода Алена Рэмоўская.
Беларусь трапіла ў спіс краінаў, якія пацярпелі ад дзеянняў кібершпіёнскай сеткі NetTraveler. Як паведамляюць эксперты антывіруснай кампаніі “Лабараторыя Касперскага”, якія і выявілі зламыснікаў, NetTraveler ўмяшалася ў працу больш за 350 кампутарных сістэмаў у 40 краінах свету (найбольш — у Манголіі, Расіі і Індыі).
Гаворка ідзе пра кібератакі як на прыватныя, так і на дзяржаўныя структуры, у тым ліку на ўрадавыя ўстановы, амбасады, навукова-даследныя цэнтры і ваенныя арганізацыі. Паводле расследавання, шпіёнская кампанія стартавала яшчэ ў 2004 годзе, аднак найбольшую актыўнасць зламыснікі разгарнулі на працягу апошніх трох гадоў. “У апошні час у сферу інтарэсаў зламыснікаў трапілі такія галіны, як асваенне космасу, нанатэхналогіі, энергетыка (у тым ліку і ядзерная), медыцына і тэлекамунікацыі”, — гаворыцца ў паведамленні “Лабараторыі Касперскага”.
Заражэнне кампутараў адбывалася з дапамогай фішынгавага ліста — паведамлення на электронную пошту, мэта якога — атрыманне доступу да канфідэнцыйных дадзеных карыстальніка.
Для гэтага ў NetTraveler выкарыстоўвалі недахопы ў Microsoft Office. Паводле ацэнак “Лабараторыі Касперскага”, аб’ём выкрадзеных дадзеных на ўсіх сэрвэрах NetTraveler склаў каля 22 гігабайтаў. Гэта, напрыклад, пералікі сістэмных файлаў, а таксама запісы камбінацыяў на клавіятуры.
Апошнія некалькі гадоў маштабы кібершпіянажу сталі небяспечнымі. Генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Андэрс Фог Расмусэн у сваім артыкуле ў The Wall Street Journal наагул напісаў, што “наступная вайна НАТА — у кіберпрасторы”.
Ён прывёў прыклад, калі 23 красавіка роўна за 7 хвілінаў біржавы індэкс Dow Jones упаў на 150 пунктаў, выклікаўшы шматмільярдныя страты. Да хваляванняў на біржы прывяло... паведамленне ў Twitter-акаўнце агенцтва Associated Press, нібыта ў Белым доме адбыліся выбухі.